Top.Mail.Ru

У Мінску адзначылі работнікаў сферы адукацыі і навукі, якія прынялі ўдзел у жніве

Урачыстае мерапрыемства пад сімвалічнай назвай «Каласы ведаў — ніва працы» адбылося ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі.



Так, Беларускі прафсаюз адукацыі і навукі сумесна з Міністэрствам адукацыі адзначылі звыш 90 работнікаў галіны з усёй краіны, якія на летні перыяд змянілі прафесію і працавалі за штурвалам камбайнаў, на збожжатаках, каб дапамагчы аграрыям у жніве. За добрасумленную работу і высокія дасягненні ва ўборачнай кампаніі 2025 года работнікі ўзнагароджаны сертыфікатамі галіновага прафсаюза.

— Ушанаванне герояў жніва — гэта не проста мерапрыемства, а выказванне ўдзячнасці тым, хто сваёй штодзённай працай спрыяў забеспячэнню харчовай бяспекі нашай краіны. Сёння мы ўшаноўваем не за навучанне ці выхаванне, не за ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах, сёння мы ўпершыню ўшаноўваем нашых педагогаў — удзельнікаў уборачнай кампаніі. Яны маглі працаваць на сваіх участках або паехаць у падарожжа, але выбралі зусім іншае. Улічваючы занятасць работнікаў сістэмы адукацыі краіны нават у летні перыяд, яны знаходзяць магчымасць дапамагчы хлебаробам ва ўборцы ўраджаю, што цяпер мае асаблівае значэнне. Педагог — гэта прыклад таго, як трэба жыць, любіць і працаваць на сваёй роднай зямлі. Педагогі паказалі, што заўсёды гатовы быць на перадавой і ўносіць свой уклад у агульны каравай, — адзначыла старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч.

Па традыцыі работнікі розных сфер дзейнасці на летні перыяд далучаюцца да аграрыяў і дапамагаюць збіраць ураджай. Традыцыйна прафсаюзы Беларусі заахвочваюць лепшых удзельнікаў уборачнай кампаніі — тых, хто паказвае высокі вынік, хто аказвае істотную дапамогу гаспадаркам пры правядзенні сельскагаспадарчых работ.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю