Top.Mail.Ru

У Мінску адзначылі 85-годдзе сферы прафтэхадукацыі

Сёння па праграмах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія рэалізуюцца ў больш чым палове каледжаў сталіцы, вядзецца падрыхтоўка больш за 45 тысяч навучэнцаў. Гэта будучыя кадры для вядучых прадпрыемстваў краіны, галін будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сферы абслугоўвання. Вядуць каледжы сталіцы падрыхтоўку больш чым па 150 спецыяльнасцях. Урачыстае мерапрыемства з нагоды 85-годдзя стварэння сферы прафесійна-тэхнічнай адукацыі прайшло 11 лістапада ў сталічным Доме моладзі. 


Віншуючы з юбілейнай датай кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў-ветэранаў, і тых, хто ў гэтай сферы ўпэўнена пачынае сваю працоўную дзейнасць, старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ адзначыў, што ўсіх іх звязвае адзіная мэта — падрыхтоўка запатрабаваных у эканоміцы спецыялістаў: «Тое, што зроблена за 85 гадоў, якія сталі доўгім шляхам станаўлення галіны, — гэта ўнікальнае дасягненне. Па сутнасці, тыя, хто стаяў каля вытокаў, пачынаў з нуля. Гэта былі сапраўдныя энтузіясты, якія смела браліся за справу, не баяліся цяжкасцяў, бо не хапала памяшканняў, абсталявання, наглядных дапаможнікаў. А навучэнцам трэба было даць няпростую адукацыю, якая патрабуе ад педагога ведаў і ўменняў. І гэтыя людзі зрабілі немагчымае, што паслужыла ў далейшым стварэнню іміджу нашай краіны як індустрыяльнай», — адзначыў Уладзімір Кухараў. 

Сёння падрыхтаваныя сферай прафесійна-тэхнічнай адукацыі кадры працуюць на прадпрыемствах, якія з’яўляюцца асноўнай эканомікі краіны, вытрымліваючы канкурэнцыю і вырабляючы экспартна арыентаваную прадукцыю. 

«Краіна мае патрэбу ў прафесійна-тэхнічных кадрах. І мы ідзем правільным шляхам, падтрымліваючы стварэнне патрэбных тэхнічных прафесій. Радуе, што і моладзь ідзе вучыцца ў каледжы, адукацыя ў якіх дасць ім пуцёўку ў жыццё. Хочацца, каб гэтая дынаміка захоўвалася, бо такім чынам ствараецца будучыня нашай краіны», — падкрэсліў Уладзімір Кухараў. 

Звяртаючыся да педагогаў, міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што за 85 гадоў сістэма прафадукацыі прайшла шлях ад працоўных рэзерваў да сучасных каледжаў: «На сучасным этапе мы бачым, што само жыццё ставіць перад намі новыя задачы. Дзякуючы працы педагогаў, майстроў вытворчага навучання імідж і прэстыж прафесійнай адукацыі ўзрастае. Толькі за апошнія тры гады колькасць навучэнцаў у каледжах вырасла больш чым на 20 тысяч і сёння складае 190 тысяч дзяцей. Моладзь выбірае прафесію. І мы разумеем цану вашай працы ў гэтай няпростай справе», — сказаў Андрэй Іванец. 

З мэтай папулярызацыі рабочых спецыяльнасцяў, па словах міністра, быў адроджаны конкурс прафесійнага майстэрства «Майстар года». І горад Мінск у гэтым конкурсе паказаў высокія вынікі. 

«Міністэрства адукацыі сумесна з Урадам у рамках распрацоўкі дзяржпраграмы „Беларусь інтэлектуальная“ на наступную пяцігодку закладвае адным з найважнейшых прыярытэтаў развіцця сістэмы адукацыі развіццё каледжаў. Плануецца, што больш чым 80% іх будзе абсталяванае сучаснымі сродкамі навучання. Кожны трэці каледж уключаны ў праграму капрамонтаў і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы. Усё гэта кажа пра тое, што дзяржава бачыць важнасць развіцця гэтага ўзроўню адукацыі», — адзначыў Андрэй Іванец. 

Ветэран сферы прафесійна-тэхнічнай адукацыі сталіцы, які працягвае працаваць у галіне, — дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій машынабудавання Аляксандр Болбас. «Уся мая працоўная дзейнасць звязана з сістэмай прафтэхадукацыі. У галіне я з 1978 года, пачынаў майстрам вытворчага навучання ў ПТВ № 8. Мы вялі падрыхтоўку слесараў, токараў, рамонтнікаў, фрэзероўшчыкаў, оптыкаў для завода імя Вавілава. З 1986 года я працаваў у ПТВ № 133. Гэтая ўстанова рыхтавала кадры для Мінскага маторнага завода. Там дзяўчаты і хлопцы праходзілі практыку і прыкладна 80% з іх атрымлівалі сваё першае працоўнае месца. У 2003 годзе ўстанова была пераўтворана ў ліцэй машынабудавання № 3, а ў 2013-м да нас далучылі ліцэй № 1. Цяпер у каледжы навучаецца больш за 900 навучэнцаў, гэта будучыя кадры для вядучых машынабудаўнічых прадпрыемстваў сталіцы і не толькі», — расказаў Аляксандр Болбас. 

Як адзначыў кіраўнік, запатрабаванасць выпускнікоў каледжа вельмі высокая. «Пра гэта можна меркаваць па такім факце: сёлета на размеркаванні ў красавіку было пададзена ад прадпрыемстваў 650 заявак. А размяркоўвалі мы 192 навучэнцаў», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што да асноўнага спісу прафесій, па якіх вядзецца падрыхтоўка, дадаюцца новыя. Напрыклад, каледж адзіны ў Мінску вядзе падрыхтоўку па прафесіі «шліфоўшчык» на базе базавай і сярэдняй школы. 

Дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва Андрэй Ярмолік адзначыў, што ўстанова адукацыі рыхтуе спецыялістаў па трох напрамках. Адзін з іх — будаўнічы. 

«Калі мы рыхтуем дзясяткі спецыялістаў для будаўнічай галіны, як, напрыклад, маляр, тынкоўшчык, рэстаўратар дэкаратыўных штукатурак і інш., то запатрабаваныя тысячы. У год каледж выпускае крыху больш за 200 спецыялістаў. Ёсць у нас і такія ўнікальныя спецыяльнасці, як „электрамеханік ліфтавага абсталявання“, „слесар-электрык па рамонце і абслугоўванні эскалатараў“. Развіваецца метрапалітэн, будуюцца новыя гандлёвыя цэнтры — усюды патрабуюцца такія спецыялісты. Важна, каб на этапе падрыхтоўкі з рабятамі былі таленавітыя педагогі, якія могуць уцягнуць іх у сваю справу, прывіць цікавасць асабістым прыкладам. І гэта забяспечыць не толькі добры ўзровень падрыхтоўкі, але і замацоўвальнасць у галіне», — расказаў кіраўнік.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю