У 20-я гады мінулага стагоддзя Пясняр ужо быў знакамітым і любімым народам. Слова паэта, драматурга, публіцыста служыла адраджэнню роднага краю, станаўленню яго дзяржаўнасці. Пастановай ад 10 чэрвеня 1925 г. Савет Народных Камісараў БССР абвясціў аб наданні Янку Купалу звання народнага паэта. Менавіта стагоддзю з дня гэтай падзеі і было прысвечана мерапрыемства «100 ЯК народны», якое адбылося ў Доме літаратара.
Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская згадала, што Янка Купала стаў першым паэтам, хто атрымаў званне народнага. «Яго паэзія — гонар беларускага народа, залатая старонка ў скарбонцы сусветнай літаратуры, бо нясе ў сабе любоў да роднага краю, беларускага слова, імкненне да шчасця і міру», — адзначыла Ганна Васільеўна.
Важнай падзеяй вечара стала перадача ў фонд купалаўскага музея ўнікальных экземпляраў кніг паэта з аўтографам яго жонкі Уладзіславы Францаўны Луцэвіч. Дзякуючы гэтаму калекцыя Купалавага дома папаўняецца і сёння! Такі падарунак зрабілі родныя прафесара, акадэміка Акадэміі навук БССР Васіля Феафілавіча Купрэвіча, якому калісьці і былі падараваны тыя кнігі.


Падчас мерапрыемства прагучалі вершы, прысвечаныя Песняру, у выкананні сучасных беларускіх паэтаў, а таксама пераклады купалаўскіх вершаў на рускую мову. Гэта стала яшчэ адным сведчаннем таго, што Купала — гэта не мінулае, а Вечнасць, бо яго словы працягваюць жыць...
Імпрэзу ўпрыгожылі выступленні ансамбля «Камерата», артыстаў Купалаўскага тэатра, якія выканалі ўрывак знакамітай «Паўлінкі». У фінале дзеі асабліва моцна са сцэны прагучалі песні на словы купалавых вершаў «Спадчына» і «Малітва» у выкананнні Архіерэйскага хора Свята-Духава кафедральнага сабора.


Ірына ПРЫМАК
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА