Top.Mail.Ru

У Мінску адкрываецца 31-я Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш «ПрадЭкспа-2025»

Яна стартуе 11 лістапада, у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. Сёлета свае дасягненні, тэхналогіі і новыя ўзоры прадукцыі прадставяць 164 экспаненты: вядучыя айчынныя і замежныя вытворцы. Сярод удзельнікаў — кампаніі, холдынгі і прадпрыемствы Беларусі, Азербайджана, Арменіі, В’етнама, Індыі, Расіі, Турцыі.



Усе флагманы харчовай прамысловасці прэзентуюць свае навінкі, пры гэтым прадукцыю можна прадэгуставаць. Сёлета ў выстаўкі новая больш зручная і прасторная лакацыя, павільёны размесцяцца на 1600 кв. м, а з улікам дзелавой праграмы — 7 000 кв. м. Дарэчы, у рамках апошняй вялікая ўвага адводзіцца перамовам паміж вытворцамі і гандлёвымі сеткамі як Беларусі, так і Расіі.

— Ідзе актыўная работа па прасоўванні беларускіх харчовых тавараў у гандлёвыя сеткі Расіі, і ўжо ёсць вынікі. Аналагічныя B2B перамовы мы праводзілі у рамках форуму «Беларусь малочная», дзе збіралі гандлёвыя сеткі Расіі, прычым не толькі цэнтральнай федэральнай акругі, але і аддаленых рэгіёнаў для таго, каб нашы прадпрыемствы мелі доступ да гандлёвых сетак. Цяпер гэта работа працягваецца ў рамках «ПрадЭкспа», тут можна будзе дамовіцца пра прамыя пастаўкі ў гандлёвыя сеткі Расіі, — расказала начальнік Галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ксенія МЯЛЕШКА.

Па яе словах, традыцыйна на экспартных рынках попытам карыстаецца беларуская ялавічына, мясныя кансервы, каўбасныя вырабы, сыры, тварог, алеі. Адметна, што ў рамках дыверсіфікацыі экспарту павялічыліся пастаўкі беларускіх тавараў у краіны Афрыкі — за апошнія пяць гадоў рост склаў 3,3 раза. Прырастае і азіяцкі рэгіён. Адна з мэт выстаўкі — прыцягнуць яшчэ больш замежных пакупнікоў да нашых тавараў. Сярод гасцей — 27 замежных дэлегацый на ўзроўні пасольстваў, з якімі будуць таксама праведзены перамовы па прасоўванні беларускага экспарту.

Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак упраўлення каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак і знешне-гандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Марыя ГАРБАТАВА, традыцыйна ўдзельнікамі «ПрадЭкспа» стануць і прадпрыемствы кандытарскай, цукровай, кансервавай, салянай галін канцэрна «Белдзяржпрамхарч». Сёлета свае навінкі прэзентуюць 15 прадпрыемстваў. Гэта як навінкі цукерак і зефір з рознымі смакамі, так і незвычайныя распрацоўкі кшталту цукру з перцам. Упадабаную прадукцыю можна будзе набыць прама на выстаўцы.


З 2020 года ў рамках «ПрадЭкспа» праводзіцца і міжнародны дэгустацыйны конкурс. Як адзначыла намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і стандартызацыі Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні» Наталля КАМАРОВА, штогод у ім удзельнічае каля сотні вытворцаў, якія прадстаўляюць ад 300 да 500 найменняў тавараў. Спецыялісты Мінсельгасхарчу, канцэрна «Белдзяржхарчпрам», Міністэрства аховы здароўя, Дзяржстандарту, НПЦ НАН Беларусі па харчаванні, вядучых харчовых ВНУ, іх калегі з Расіі ўваходзяць у склад дэгустацыйнай камісіі, якая і вызначыць пераможцаў. Уладальнікаў Гран-пры журы ўзнагародзіць у першы дзень выстаўкі, 11 лістапада, а залатыя і сярэбраныя медалі вытворцы атрымаюць у дзень закрыцця, 14 лістапада.

Акрамя таго, у рамках дзелавой праграмы пройдуць чэмпіянаты кандытарскага мастацтва, дэманстрацыя конкурсных работ кулінарнага майстэрства, рэспубліканскі агляд якасці «Смаката», майстар-класы шэф-кухараў, прэзентацыі прадуктовых навінак, батл шэфаў і су-шэфаў. Наведвальнікі змогуць атрымаць аўтограф народнага артыста Расіі Эдгарда Запашнага, на лакацыі «Адкрытая кухня» паўдзельнічаць у прэзентацыі «Лакальная кухня Беларусі. Брэнды рэгіёнаў» пры ўдзеле ганаровага госця шэфа Канстанціна Іўлева (Расія), прайсці майстар-клас па вырабу італьянскай піцы з дэгустацыяй і шмат іншага.

Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы канцэрна «Белдзяржхарчпрам».

Алена КРАВЕЦ
Фота БелТА

Чытайце таксама: Што прадстаўляе Беларусь на Кiтайскай мiжнароднай выстаўцы EXPO

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю