Будаўніцтва ўстаноў адукацыі з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў у рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў нашай краіне. Новая школа, якая расчыніла свае дзверы ў чацвер, 8 студзеня, — яркае таму пацвярджэнне. Знакавым з’яўляецца яе адкрыццё яшчэ і таму, што яно прымеркавана да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Камфортная, прасторная, добраўпарадкаваная школа — сапраўдны шматфункцыянальны комплекс, у якім створаны ўмовы для ўсебаковага развіцця кожнага вучня.
Будынак абсталяваны вельмі сучасна. Тут ёсць басейн, абедзенная зала і харчаблок, спартыўныя і гімнастычныя залы, а таксама лінгафонныя кабінеты. Навучальныя класы цалкам укамплектаваны мэбляй. На вуліцы прадугледжаны пляцоўкі для міні-футбола, баскетбола, валейбола, стрытбола і вялікага тэніса.
Ва ўстанове адукацыі створана безбар’ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (прадугледжаны ліфт, пандус, спецыяльныя месцы ў актавай зале, навучальных кабінетах, асобныя гардэробы, санвузлы, душавыя).
Перад урачыстым адкрыццём школы да прысутных з віншаваннем звярнуўся намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. Ён павіншаваў усіх з мінулымі святамі і адзначыў сімвалічнасць адкрыцця навучальнай установы менавіта ў гэты перыяд. «У новым мікрараёне „Мінск-Мір“, які дынамічна развіваецца, адкрываецца чарговая сацыяльная ўстанова — сярэдняя школа. Яна атрымалася прыгожай, сучаснай, утульнай і камфортнай, з сучасным абсталяваннем і навучальным інвентаром. Упэўнены, што для дзяцей тут створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, выхавання, спасціжэння вучэбных прадметаў і станаўлення сапраўднымі патрыётамі і грамадзянамі нашай любімай Беларусі», — адзначыў ён.
Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран таксама павіншаваў педагагічны склад, вучняў і іх бацькоў з адкрыццём новай установы адукацыі. Ён адзначыў, што гэтая школа з’яўляецца часткай вялікай праграмы, якая ахоплівае пытанні дэмаграфічнай бяспекі, сацыяльнага забеспячэння насельніцтва і развіццё сацыяльнай сферы ў Мінску. «Нашы людзі ўпэўнены, што жыллё, набытае ў новых раёнах, будуецца не ў аддаленні ад аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, а раён развіваецца комплексна. Мы бачым гэта на прыкладзе папярэдніх гадоў, калі паралельна з першымі дамамі ўводзіліся ў эксплуатацыю дашкольныя ўстановы, затым дзве сярэднія школы. Зараз з’явілася і трэцяя школа, што стала магчымым дзякуючы выкананню абавязацельстваў інвестара. Гэта сведчыць аб дынамічным развіцці горада. І, што самае галоўнае, клопат пра нашых дзяцей, як падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, стаіць на першым месцы. Наша задача — забяспечыць годныя ўмовы для нашых дзяцей і магчымасць атрымання адукацыі ў крокавай даступнасці, што ўжо рэалізавана ва ўсім мікрараёне «Мінск-Мір», — дадаў Арцём Цуран.
На дадзены момант у школе навучаюцца больш за 200 навучэнцаў пачатковых класаў. З 1 верасня да іх далучацца хлопцы і дзяўчаты з сярэдняга і старэйшага звяна — летам пачнецца набор для прыёму. Пра гэта расказала дырэктар новай навучальнай установы Алена Каратчэня: «Да канца гэтага навучальнага года мы плануем набіраць толькі навучэнцаў пачатковай школы з першага па чацвёрты клас. А на працягу летняй кампаніі мы будзем набіраць вучняў сярэдніх і старэйшых класаў. Праектная магутнасць нашай школы — 1020 навучэнцаў. Менавіта гэтай лічбы мы плануем дасягнуць».
Настаўнік 1 «А» класа Аляксандра Хвацкая расказала, што дзецям вельмі падабаецца новая школа: «Вочы „гараць“, яны шчаслівыя! Ды і мы, настаўнікі, у захапленні. Розніца адчуваецца, калі для навучання створаны не проста ўсе ўмовы, а нават больш! Сучасныя дзеці вельмі цікаўныя, таму магчымасці, якія прадастаўляе новая ўстанова адукацыі, дакладна пойдуць на карысць, дапамогуць у развіцці іх талентаў», — падзялілася меркаваннем настаўнік.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД