Top.Mail.Ru

У Мінску адкрылася выстава «Дзеці крэпасці. Народны музей»

Экспазіцыя модульнай выставы Дзяржаўнага музея «Смаленская крэпасць» размясцілася ў Белай зале Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых. Яна прысвечана жыццю смалян, якія пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкай акупацыі (1943–1957) знайшлі прытулак у сценах крэпасці. Выстава канцэптуальна падзелена на тры часткі: дзяцінства, юнацтва і маладосць. Сярод экспанатаў — рэчы побыту, дзіцячыя цацкі, швейная машынка, школьныя прылады, фотаздымкі і лісты.

Пра задуму і духоўны сэнс праекта расказала дырэктар музея «Смаленская крэпасць» Наталля Калашнікава:

«Гэтая выстава — вельмі чалавечая, пра канкрэтныя гісторыі, кранальная і знакавая. Пра тое, як з руін мы аднавіліся, з нічога выжылі і сталі моцнай краінай. Нам важна расказваць аб простым чалавеку».


Маштаб разбурэнняў і цяжкі побыт удакладніў міністр культуры і турызму Смаленскай вобласці Міхаіл Івушын:

«Выстава расказвае пра час, калі Смаленск аднаўляўся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Тады горад быў разбураны: з 800 будынкаў знішчана 730. Людзям катастрафічна не хапала жылля. Улады горада дазволілі насельніцтву афіцыйна сяліцца ва ўнутраных памяшканнях крэпасці, нават у байніцах. На выставе мы пастараліся перадаць усю цяжкасць той сітуацыі».


Са словамі падзякі і пра гістарычную праўду да гасцей звярнулася дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння Таццяна Калядка:
«Смаленск быў разбураны больш чым на 92%. Толькі ў цесным узаемадзеянні з брацкім народам Расіі мы можам захоўваць гістарычную праўду».


Пра выхаваўчае значэнне выставы для моладзі нагадала намеснік начальніка аддзела ўстаноў культуры ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Марыяна Нікалаева:
«Культура Беларусі і Расіі — гэта фундамент, на якім будуецца наша будучыня. Для юных наведвальнікаў выстава стане ўрокам мужнасці і міласэрнасці».


Музычным падарункам стала выступленне маскоўскага хору «Благозвучие».

Выстава працуе да 30 мая, уваход вольны. Пасля гэтага на працягу года яна будзе экспанавацца на пляцоўках па ўсёй Беларусі: у Лідзе, Маладзечне, Гродне і Мірскім замку. 

Надзея Зуева 
Фота аўтарa

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю