Разам мы зможам больш
У гэтым буйным міжнародным мерапрыемстве прымае ўдзел больш за 30 прадстаўнікоў дзяржаў — членаў ШАС — міністры адукацыі і іх намеснікі, рэктары ўніверсітэтаў, супрацоўнікі профільных структур. Удзельнікам форуму стаў і намеснік Генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Сухэль Хан.

Прывітанне ўдзельнікам нарады накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, якое зачытаў старшыня пасяджэння, міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.
«Мы ўдзячныя ўсім краінам за прыняцце нашай прапановы аб правядзенні нарады на гасціннай беларускай зямлі. Рэспубліка Беларусь падзяляе і падтрымлівае ініцыятывы ШАС, гатовая да канструктыўнага дыялогу і рэалізацыі сумесных праектаў», — гаворыцца ў прывітанні. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ва ўмовах імклівай лічбавай трансфармацыі адукацыя і навука выступаюць асновай развіцця любой дзяржавы. І цяпер першараднымі задачамі ў гэтай галіне становяцца ўкараненне сучасных тэхналогій і навучанне спецыялістаў новай фармацыі, якія паважаюць культурныя асаблівасці і дасягненні краін ШАС. «Упэўнены, што разам мы зможам дамагчыся вялікіх вынікаў у справе паслядоўнага ўмацавання партнёрства ў гуманітарнай сферы, ствараючы ўмовы для абмену вопытам, пашырэння ўзаемадзеяння і далейшага нарошчвання патэнцыялу дзяржаў — членаў ШАС», — падкрэсліў беларускі лідар у прывітанні.
«Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў асаблівую ролю ШАС як унікальнай платформы шматпланавага ўзаемадзеяння дзяржаў, якія прадстаўляюць розныя цывілізацыі, культуры і мадэлі развіцця. Асобную ўвагу Прэзідэнт Беларусі ўдзяляе адукацыі. Летась на саміце ШАС у Цяньцзіні ён прапанаваў стварыць агульную навукова-інавацыйную прастору і рэгіянальную адукацыйную платформу», — адзначыў Андрэй Іванец.

Даніна памяці і павагі
Юбілейная нарада міністраў краін ШАС праходзіць напярэдадні свяшчэннай для ўсіх беларусаў даты — 85 гадоў таму пачалася самая страшная і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва, у якой загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Таму першай, і адной з ключавых падзей у рабоце форуму стала ўскладанне кветак да манумента Перамогі ў Мінску.
Захаванне гістарычнай праўды і патрыятычнае выхаванне моладзі застаюцца важнымі кірункамі супрацоўніцтва ў сферы адукацыі краін — удзельніц ШАС, у кожнай з якіх ёсць свае гераічныя старонкі і свае героі — на іх прыкладзе мы вучым падрастаючае пакаленне гераізму і вернасці сваёй Радзіме і перадаём гэту светлую памяць нашчадкам.

Кансорцыумы, карпарацыі, эксперыментальныя праграмы
— ШАС надае асаблівае значэнне развіццю супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі, — адзначыў намеснік генеральнага сакратара ШАС Сухэль Хан. — У стратэгіі развіцця ШАС асабліва адзначана, што дзяржавы-члены будуць развіваць навукова-тэхнічнае і інавацыйнае супрацоўніцтва па прыярытэтных кірунках, а таксама рэалізоўваць сумесныя навуковыя даследаванні і праекты, якія прадстаўляюць узаемныя інтарэсы. Краіны ШАС маюць намер і далей пашыраць кантакты з вядучымі адукацыйнымі арганізацыямі, садзейнічаць распаўсюджванню найлепшых адукацыйных практык.
Устойлівыя механізмы супрацоўніцтва і кадры новага пакалення
Ва ўмовах, калі на знешніх рубяжах ШАС назіраецца пэўная фрагментацыя міжнароднай адукацыйнай прасторы, расце палітызацыя акадэмічных кантактаў і абмежаванняў у навуковым узаемадзеянні, асаблівую значнасць набывае фарміраванне ўстойлівых і ўзаемапаважлівых механізмаў супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі.

— ШАС валодае для гэтага ўсімі неабходнымі магчымасцямі. Тут сканцэнтраваны вядучыя ўніверсітэты, магутныя даследчыя цэнтры, хутка развіваюцца тэхналагічныя кампаніі і ўнікальная культурна-цывілізацыйная разнастайнасць. Выкарыстоўваючы гэту ўнікальную базу, ёсць усе неабходныя перадумовы для пераходу ад асобных фарматаў узаемадзеяння да больш устойлівых механізмаў навукова-адукацыйнай кааперацыі, — адзначыў Андрэй Іванец.
Комплексная Мінская ініцыятыва накіравана на фарміраванне доўгатэрміновых механізмаў супрацоўніцтва дзяржаў — членаў ШАС у галіне адукацыі, навукі і падрыхтоўкі кадраў.

— Пры яе распрацоўцы мы зыходзілі з разумення таго, што адукацыя будучыні павінна быць цесна звязана з навукай, інавацыямі і рэальным сектарам эканомікі. Ключавым элементам ініцыятывы з’яўляецца стварэнне навукова-адукацыйнага кансорцыума ўніверсітэтаў і высокатэхналагічных карпарацый дзяржаў — членаў ШАС, што дазволіць інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору і актыўна абменьвацца назапашаным вопытам структурных і змястоўных пераўтварэнняў, — адзначыў міністр адукацыі.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб фарміраванні гнуткай інавацыйнай навукова-адукацыйнай платформы, арыентаванай на аб’яднанне патэнцыялу ўніверсітэтаў, навуковых арганізацый і высокатэхналагічных кампаній краін.
— Мадэль не прадугледжвае стварэння бюракратычнай структуры або альтэрнатывы ўжо існуючым механізмам супрацоўніцтва, — растлумачыў ён. — Асноўны акцэнт прапануецца зрабіць на падрыхтоўцы даследчых кадраў новага пакалення, развіцці міждысцыплінарных кампетэнцый і рэалізацыі сумесных прыкладных праектаў па кірунках, якія ўяўляюць стратэгічны інтарэс для дзяржаў ШАС. Сярод іх — штучны інтэлект, кібербяспека, энергетыка, біятэхналогіі, лічбавая трансфармацыя, устойлівае развіццё.
Ініцыятыва і яе рэалізацыя
Па словах Андрэя Іванца, механізмы стварэння гэтай платформы бачныя ўжо сёння. У пацвярджэнне ён прывёў прыклад укаранення механізмаў далучэння ўніверсітэтаў.

— Практычна 150 універсітэтаў будзе аб’ядноўваць Універсітэт краін ШАС, больш за 22 з іх далучыліся сёлета. Ад Беларусі ў гэту структуру ўвайшло сем ВНУ. А стварэнне анлайн-кампуса ўніверсітэта ШАС дазволіць аб’яднаць і вытворцаў, і навукоўцаў, і навукова-педагагічныя школы нашых краін, — канстатаваў міністр.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ