Урачыстаму мерапрыемству не перашкодзілі ні моцны дождж, ні халоднае надвор’е — каля новага, святочна ўпрыгожанага корпуса сабраліся студэнты, выкладчыкі і шматлікія госці. Падзяліць з імі значную падзею прыбылі і намеснік Прэм’ер-міністра Віктар КАРАНКЕВІЧ, міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ, міністр энергетыкі Дзяніс МАРОЗ, кіраўнікі будаўнічых арганізацый і госці з Расіі — рэктары профільных ВНУ, з якімі ў галоўнага тэхнічнага ўніверсітэта краіны доўгае і трывалае супрацоўніцтва.
Віктар Каранкевіч назваў падзею важнай і доўгачаканай.

— Энергетычны факультэт БНТУ — кузня кадраў для энергетычнай галіны, паліўна-энергетычнага комплексу краіны, — сказаў ён. — Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы энергетычны комплекс дынамічна развіваецца — укараняюцца новыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, ажыццяўляецца аўтаматызацыя і лічбавізацыя тэхналагічных працэсаў. Таму вельмі важна, каб студэнты маглі атрымліваць не толькі тэарэтычныя веды, але і практычны вопыт.

Віктар Каранкевіч таксама адзначыў цеснае ўзаемадзеянне паміж двума міністэрствамі — адукацыі і энергетыкі — і падкрэсліў, што яно накіравана на практыкаарыентаванасць навучальнага працэсу, каб маладыя спецыялісты, якія выйшлі са сцен БНТУ, на прадпрыемствах маглі адразу ж уключыцца ў тэхналагічныя працэсы.
— Я ўпэўнены, што тут будуць выпускацца спецыялісты высокага ўзроўню, якія ў далейшым будуць уносіць важкі ўклад у развіццё энергетычнага комплексу і ўсёй нашай краіны, — сказаў віцэ-прэм’ер.

БНТУ па праве з’яўляецца флагманам інжынернай адукацыі краіны, які славіцца далёка за межамі Беларусі, такое агульнае меркаванне выказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
— Сёння энергетычны факультэт здабыў свой доўгачаканы дом. Жадаю выкладчыкам і студэнтам напоўніць яго ведамі, новымі ідэямі, распрацоўкамі, каб мы яшчэ гучней чулі, якія высакакласныя спецыялісты выпускаюцца з энергетычнага факультэта і як дынамічна развіваецца энергетычны комплекс нашай краіны, — даў наказ цяперашнім насельнікам гэтага навучальнага дома міністр адукацыі.

Кіраўнік энергетычнага ведамства Дзяніс Мароз адзначыў знамянальны факт, што адкрыццё новага корпуса праходзіць у дні, калі беларуская энергасістэма святкуе 95 гадоў свайго існавання.
— За гэты час яна ператварылася ў сучасны, высокатэхналагічны комплекс, які ўключае дзясяткі станцый высокага ціску, сотні тысяч кіламетраў энергетычных сетак і жамчужыну беларускай энергетыкі — атамную электрастанцыю, — канстатаваў кіраўнік галіны.

Ён таксама падкрэсліў, што галоўны ва ўсіх гэтых дасягненнях — чалавек працы, што галіне патрэбныя спецыялісты, якія будуць кіраваць складанымі механізмамі і сістэмамі.
— І набываць неабходныя веды спецыялісты-энергетыкі будуць менавіта тут, у гэтым корпусе, — сказаў міністр энергетыкі.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ