Top.Mail.Ru

У Мінску адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі

У рабоце калегіі прыняў удзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. На пасяджэнне, дзе абмяркоўваліся вынікі 2024 года і агучваліся задачы на год бягучы, прыбылі намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, якія курыруюць сферу адукацыі, педагагічныя работнікі, прадстаўнікі рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў і іншыя. Да пачатку мерапрыемства госці і ўдзельнікі калегіі азнаёміліся з выставай, на якой установы адукацыі прадэманстравалі свае найлепшыя дасягненні.


— Не трэба шмат і распавядаць пра тое, чаго дасягнула галіна ў мінулым годзе, — рэзюмаваў убачанае і пачутае Ігар Петрышэнка. — Вось яны, дасягненні, і на гэтых стэндах у тым ліку.

Вяртаючыся да пытанняў, якія неабходна абмеркаваць на пасяджэнні, віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што ўсе рэформы ўжо зроблены: «Цяпер мы ажыццяўляем дакладную практычную данастройку і адаптацыю тых рашэнняў, якія прынялі». Таксама намеснік прэм’ер-міністра акрэсліў кола першачарговых задач, якія Мінадукацыі будзе вырашаць і ў гэтым годзе, і ў больш доўгатэрміновай перспектыве.

— Сёння мы падрабязна абмяркоўваем, дзе ў сістэме яшчэ ёсць рэзервы, якія дазволяць удасканальваць усе ўзроўні адукацыі. Будзем размаўляць аб дашкольнай адукацыі, гэта значыць, аб падрыхтоўцы нашых дзяцей да таго, каб яны якасна засвойвалі вучэбную праграму. Ёсць тут пэўныя тонкасці, у прыватнасці дзеці з асаблівасцямі. Мы дапамагаем і бацькам, і педагогам адаптаваць іх, каб яны маглі ў поўнай меры засвойваць вучэбную праграму. У цэнтры ўвагі таксама пытанні, звязаныя з агульнай сярэдняй адукацыяй, — гэта нашы школы. Абмяркуем усё: пачынаючы з падручнікаў, заканчваючы якасцю выкладання, а таксама залішняй колькасцю бюракратычнай дакументацыі ў школах, — сказаў ён.

Краевугольным каменем, адметнасцю беларускай адукацыі Ігар Петрышэнка назваў патрыятычнае выхаванне моладзі.

— Гэта важна для таго, каб мы фарміравалі сапраўдных, паўнавартасных грамадзян, якія стануць спецыялістамі, карыснымі для сваёй краіны, — падкрэсліў ён.

2024-ы — Год якасці — для сферы адукацыі Беларусі адзначыўся шматлікімі дасягненнямі. Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец не стаў затрымліваць увагу ўдзельнікаў калегіі на іх пералічэнні — усе навацыі і ўдасканаленні, укаранёныя ў працэс навучання летась, паказалі не проста эфектыўнасць, а сталі сапраўдным поспехам. Яны працуюць, яны дапамагаюць падымаць якасць адукацыі на больш высокі ўзровень.

— Возьмем такі кірунак, як падтрымка адоранай моладзі. У 2024 годзе практычна ў два разы павялічылася колькасць дзяцей, якія былі залічаны ў ВНУ без уступных экзаменаў, — канстатаваў міністр адукацыі. — Нашы юныя матэматыкі занялі пятае месца на міжнароднай алімпіядзе, у якой удзельнічала 109 краін.

Расце прэстыж беларускай адукацыі і за мяжой: толькі з адным Кітаем рэалізоўваецца 30 сумесных адукацыйных праектаў, з Узбекістанам — 100. Летась дасягнуты рэкордны экспарт у адукацыі — 115 млн долараў ЗША.

Растуць і новыя школы, дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, адкрываюцца дзіцячыя садкі і іншыя аб’екты. Будаўніцтва (рэканструкцыя) 108 такіх аб’ектаў праводзілася ў мінулым годзе, у тым ліку сямі школ на 6410 вучняў і сямі дзіцячых садкоў на 1690 дашкалят.

Ніякіх кардынальных змен, па словах кіраўніка адукацыйнага ведамства, у 2025 годзе не прадбачыцца. Будуць развівацца і ўдасканальвацца такія перспектыўныя кірункі, як прафарыентацыя, прычым як у каледжах, так і ВНУ, мэтавая падрыхтоўка, работа з адоранымі і таленавітымі дзецьмі, інклюзіўная адукацыя і іншыя.

— На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі мы выконваем даручэнне Прэзідэнта, якое было дадзена на педсавеце ў 2024-м і якое датычылася стварэння навучальных класаў на базе прадпрыемстваў, — зазначыў міністр. — Ужо створана 10 такіх класаў на базе вядучых прамысловых прадпрыемстваў нашай краіны. На 2025 год ставім амбіцыйную задачу адкрыць не менш як 50 такіх класаў. Тады і заказчык кадраў, і ўстанова адукацыі, і навучэнцы будуць упэўнены, што яны атрымаюць тыя веды, кампетэнцыі і навыкі, якія неабходныя пры выхадзе на рынак працы.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БелТА

Даслоўна

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец:

— У краіне ствараюцца неабходныя ўмовы на ўсіх узроўнях адукацыі. Калі казаць пра ўніверсітэты, то сёлета для зручнасці абітурыентаў будзе запушчаны сэрвіс электроннай чаргі для падачы дакументаў у ВНУ. Кожны абітурыент, які будзе здаваць альбо цэнтралізаваны экзамен, альбо цэнтралізаванае тэсціраванне, у сваім асабістым кабінеце атрымае запрашэнне ўзяць адпаведны талончык. Упэўнены, гэта дазволіць істотным чынам знізіць нагрузку на прыёмныя камісіі і выключыць чэргі пры падачы дакументаў.

Таксама на 2025 год ставім сур’ёзную задачу перавесці ў электронны фармат такія адміністрацыйныя працэдуры, як пастаноўка на ўлік ва ўстановы дашкольнай адукацыі і выдача накіраванняў, каб у бацькоў не было неабходнасці выходзіць нават у службу «адно акно».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю