Арганізатары яго — сталічныя дзяржаўная ўстанова адукацыі «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь» і ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.
Прымаўка кажа, як карабель назавеш, так ён і паплыве. Конкурсу далі назву «Ветразь», што ўдала намеціла рух гэтага творчага спаборніцтва. У ім дзятва і моладзь авалодвае аўтэнтычнымі формамі танцавальнага фальклору розных рэгіёнаў Беларусі, дэманструе перанятае ад старэйшых побытавае ўменне, вывучае харэаграфічныя традыцыі сваёй мясцовасці і, галоўнае, атрымлівае яскравы ўрок патрыятычнага і мастацкага выхавання.
Конкурс сабраў удзельнікаў на пляцоўцы мінскай СШ № 1 імя лётчыка В. Чкалава. На выступленні прыехалі аматары народнага танца, якія, негледзячы на малады ўзрост, ужо маюць багатую харэаграфічную практыку і веды ў галіне фальклору, танцавальнага этыкету. Патрабаванні да такіх дасведчаных удзельнікаў былі адпаведныя здаўна існуючым побытавым нормам: іх касцюмы павінны ўяўляць сабой копіі або арыгіналы традыцыйных мясцовых народных строяў. Пажадана, каб у малодшых дзяўчынак даўжыня спаднічак была не вышэй за 20 сантыметраў ад падлогі, у старэйшых — не вышэй за 15. У касцюме старэйшых магчыма наяўнасць фартушка. Хлапечы касцюм могуць дапаўняць капялюш, брыль, картуз. Хлопцы могуць мець туфлі ці чобаты. Увага надаецца і прычоскам — валасы дзяўчынак заплятаюцца ў косы ці ўкладваюцца рознымі спосабамі, характэрнымі для пэўнай мясцовай традыцыі.
Такі гістарычна абгрунтаваны дрэс-код значна павышае планку патрабаванняў журы, у якім сабраліся аўтарытэтныя этнахарэографы, культуролагі, педагогі. Збіральнік і даследчык народных танцавальных скарбаў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Мікалай Козенка так ахарактарызаваў адзін з заяўленых на конкурсе танцаў: наша славутая «Лявоніха» даўно стала своеасаблівай візітоўкай беларускай культуры. Існуюць звесткі, што яе танчылі яшчэ ў 18 стагоддзі. У розных рэгіёнах Беларусі ёсць шмат варыянтаў гэтага танца, таму мы вельмі ўважліва ставімся да ацэнкі майстэрства выканаўцаў, да аўтэнтычнасці перанятага ў спадчыну ад старэйшых носьбітаў. Гэта мае адносіны таксама да вядомых полек «Матылёк», «Козачка», «Падыспан», «Мікіта», вальсаў «Залатыя горы», «Вішанька»...
Імклівы карагод танцавальных пар «Лявоніхі», амаль што акрабатычнае выкананне скокаў «Жабкі», танец вакол пакладзеных крыж-накрыж галінак, які патрабуе ўвагі, павольны і велічны «Падыспан» — гэтыя і шмат іншых танцаў прыйшлі да нас з далёкіх часоў. Танцавальная і музычная спадчына — скарбы нашай культуры, якія вывучаюцца і працягваюць сваё жыццё ў цяперашнім часе.
Варта назваць прозвішчы і павітаць маладых аматараў з розных гарадоў і вёсак, хто перамог у конкурсе беларускіх народных танцаў: Мікіта Бараш, Макар Смолаў, Кацярына Трахімовіч, Вольга Семчанка, Уладзімір Гудкоў, Надзея Назарэвіч, Даніла Нікіфараў.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара