У Мінску аўтобус заціснуў дзвярыма пенсіянерку і працягнуў яе некалькі метраў па асфальце. Пра гэта паведамілі БелТА ва УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Сёння раніцай 38-гадовы кіроўца аўтобуса МАЗ, пачынаючы рух ад прыпыначнага пункта «Нацыянальная бібліятэка», паводле папярэдняй інфармацыі, не пераканаўся ў тым, што пасажыры закончылі высадку і зачыніў дзверы, заціснуўшы пры гэтым рукі 72-гадовай жанчыны, якая выходзіла з транспарту. Пасля гэтага кіроўца, не заўважыўшы пенсіянерку, пачаў рух, у выніку чаго апошнюю працягнула некалькі метраў па асфальце, пасля чаго аўтобус спыніўся.
Жанчына дастаўлена ва ўстанову аховы здароўя для абследавання. На месцы здарэння працавалі супрацоўнікі аддзела ДАІ Першамайскага РУУС Мінска.
Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што перад пачаткам руху кіроўца абавязаны пераканацца, што яго дзеянні будуць бяспечныя і не створаць перашкоды і небяспекі для дарожнага руху, а таксама падаць сігнал светлавымі паказальнікамі павароту адпаведнага напрамку.