Ахвярай мадэрнізаванай ашуканскай схемы стала 76-гадовая мінчанка. Зламыснікі дзейнічалі ад імя ўчастковага і супрацоўніцы Нацбанка, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на МУС.
Спачатку невядомы напісаў жанчыне ў месенджары, прадставіўся ўчастковым інспектарам і папярэдзіў аб магчымых званках ад махляроў. Неўзабаве з пенсіянеркай сапраўды звязаліся нібыта з пенсійнага фонду. Суразмоўцы праінфармавалі аб пераразліку налічэнняў і папрасілі прадыктаваць код з SMS.
Пасля гэтага псеўдаўчастковы зноў выйшаў на сувязь і заявіў, што жанчына толькі што перадала персанальныя звесткі аферыстам. Паводле легенды зламыснікаў, на яе імя былі аформленыя крэдыты, а грошы пераводзіліся на «крымінальныя рахункі».
Каб запалохаць ахвяру, ашуканцы паведамілі, што ў кватэры пенсіянеркі пройдзе вобыск, а ўсе наяўныя будуць канфіскаваныя, калі іх не задэклараваць. У выніку мінчанка аддала лжэсупрацоўніцы Нацбанка каля 35 тыс. BYN у эквіваленце.