Яны амаль адразу сталі камандай. Мяркуючы па тым, як велізарная махіна плаўна і лёгка рухалася па полі і манеўравала, кіроўца і трактар знайшлі агульную мову. «Трактарыст слухаў тэхніку, а тэхніка слухалася яго», — так пракаментаваў убачанае генеральны канструктар ААТ «МТЗ» Ігар ЗЯМЦОЎ. І нічога незвычайнага ў гэтай ацэнцы не было б, калі б мы не ведалі, што магутнай машынай у 542 конскія сілы кіравала невысокая далікатная жанчына, трактарыст-машыніст ААТ «Агра-Моталь» Таццяна СУПРУН.
Шлях да мары
Да сваёй мэты — кіраваць тэхнікай — Таццяна прыйшла не адразу, але марыла аб гэтым з ранніх гадоў. У дзяцінстве асвоіла мапед, крыху пазней — матацыкл. А потым бацька, які ў той час працаваў у гаспадарцы механізатарам, дазволіў ёй сесці за руль трактара. Трэніраваліся ва ўжо ўбраных палях, і ў дзяўчыны ўсё атрымлівалася. Аднак у вучэбна-вытворчым камбінаце яна абрала прафесію повара. Па гэтай сцежцы спачатку і пайшла, але потым працавала швачкай, у бальніцы на кухні, тэхнічкай у школе, цялятніцай.
Быў і цяжкі перыяд у яе жыцці, калі прыйшлося пакінуць і працу, і мару, каб дапамагчы блізкаму чалавеку пераадолець цяжкую хваробу і паставіць яго на ногі. Калі ўсё дрэннае засталося ў мінулым, Таццяна зноў вярнулася да сваёй мары — вадзіць вялікую машыну — і задумала падацца ў дальнабойшчыкі. Але сям’я адгаварыла — выбраць гэту працу, значыць, жыць у кабіне грузавіка. А як жа родныя?
Прыняць рашэнне дапамог дырэктар гаспадаркі, які купіў маленькі турэцкі міні-пагрузчык «Фімакс» і абвясціў: на ім будуць ездзіць толькі жанчыны.
— Прапанаваў мне, і я пагадзілася не раздумваючы, — успамінае Таццяна.

Скончыла курсы і пачала працаваць на пагрузчыку на ферме. Але цяга да нечага больш маштабнага ўсё роўна брала верх. Таму яна заўсёды з велізарным жаданнем падмяняла сваіх калег па гаспадарцы, калі трэба было перасесці ў кабіну МТЗ-82 ці МТЗ-1523. Дарэчы, спраўляцца з вялікай хатняй гаспадаркай сям’і Супруноў дапамагае іх асабісты МТЗ-80.
«Адрэналін проста зашкальваў!»
Пасля стажыроўкі на Мінскім трактарным заводзе і тэст-драйву новага трактара Таццяна ўсё ж такі перасела ў кабіну велізарнай сучаснай машыны. І гэта выклікала ў яе цэлы шквал эмоцый, якія, тым не менш, не перашкодзілі ёй бліскуча, са стрыманасцю сапраўднага прафесіянала прайсці ўсе неабходныя выпрабаванні і па вартасці ацаніць тэхніку.
— Калі я села за руль гэтага трактара, адрэналін проста зашкальваў, — дзеліцца яна. — У кабіне — найвышэйшы камфорт: кандыцыянер, каробка-аўтамат, на кнопачку націснуў — і паехаў!
Сваімі эмоцыямі і водгукамі аб трактары жанчына, вядома ж, дзеліцца з аднавяскоўцамі. І яны настолькі пранікліся гэтай машынай, што просяць Таццяну: «Калі ты ўжо яго прыгоніш да нас?»
— А што, у нас гаспадарка вялікая, шмат бульбы саджаем, нам бы такі трактар не перашкодзіў, — кажа яна.
АПК патрэбна энерганасычаная тэхніка
На думку генеральнага канструктара ААТ «МТЗ» Ігара ЗЯМЦОВА, тэхніка, падобная да трактара BELARUS 5425, неабходная сельскай гаспадарцы краіны не толькі ў плане абнаўлення і папаўнення, але і для сучаснай аграноміі.

— Для ўсяго Мінскага трактарнага завода стварэнне 500-магутнага трактара — гэта не толькі дасягненне, але і пацвярджэнне інжынерных кампетэнцый, — лічыць ён. — Гэта правільны шлях для развіцця канструктарскай думкі, а таксама для росквіту краіны.
Адной з пераваг гэтага гіганта генеральны канструктар назваў тое, што аператар можа кіраваць трактарам адной рукой:
— Гэта робіць машыну зручнай і для жанчын. Таццяна Супрун справілася са сваёй задачай выдатна: яна была ўпэўненая ў сабе, і мы рады, што менавіта ёй давялося кіраваць трактарам. Я перажываў не толькі за Таццяну Сцяпанаўну, але і за тэхніку: усё ж такі трактар пакуль яшчэ праходзіць выпрабаванні. Але яны спрацавалі як адна каманда.
Прадстаўнік завода-вытворцы пералічыў некаторыя тэхнічныя плюсы трактара — гэта і магчымасць працаваць з любым навясным абсталяваннем, як спераду, так і ззаду. Трактар можа разварочвацца на невялікіх палях і ў абмежаваных прасторах.

— Але ўсё ж асноўны кірунак быў зададзены на стварэнне камфортных умоў для аператара і павышэнне рэсурснай надзейнасці тэхнікі, — адзначыў Ігар Зямцоў.
Ён таксама дадаў, што ўжо выраблены 4 такія трактары, адзін з іх прадстаўляе сельгастэхніку краіны на міжнародных выстаўках, а тры праходзяць выпрабаванні ў рэальных палявых умовах.
На пытанне, калі машыны з’явяцца ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Беларусі, Ігар Зямцоў адказаў:
— Плануем, што ў 2027 годзе.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ