Top.Mail.Ru
183

У Мінскім раёне стартуе спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажару»

Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правядуць мерапрыемства з 11 па 15 лютага пры актыўным удзеле курсантаў Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Галоўная мэта — папярэдзіць узгаранні ў жылых дамах і кватэрах, захаваць жыцці і маёмасць людзей.


Дастукацца да кожнага і растлумачыць важнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі — асноўныя задачы запланаванага мерапрыемства.

Таму на працягу гэтых дзён ратавальнікі будуць наведваць жыллё грамадзян. Яны не толькі правераць, наколькі бяспечны яго стан, але і падрабязна паразмаўляюць з жыхарамі, растлумачаць, да якіх наступстваў могуць прывесці нават, здавалася б, дробныя парушэнні: няспраўная электраправодка, няправільная эксплуатацыя печы або абагравальніка. Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням, на якія часам не звяртаюць увагі ў паўсядзённым жыцці, — небяспецы курэння ў ложку, неабходнасці ўстаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і недапушчальнасці пакідання маленькіх дзяцей без нагляду. Акцэнт у рабоце, расказваюць у ведамстве, будзе зроблены на наведванні домаўладанняў, кватэр грамадзян, якія найбольш схільныя да рызыкі ўзнікнення пажараў.


Паводле звестак МНС, на 10 лютага 2026 года ў Мінскім раёне зарэгістравана ўжо 54 пажары, прычым большасць з іх адбылася менавіта ў жылых дамах. Колькасць загінулых у рэгіёне ў бягучым годзе склала 4 чалавекі. Асноўнымі прычынамі трагедый па-ранейшаму застаюцца парушэнні правіл пры эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, а таксама звычайная чалавечая неасцярожнасць пры абыходжанні з агнём.

Аміна НАЗАРАВА.
Фота Лізаветы ГОЛАД.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю