У адным з гіпермаркетаў Мінска на пр. Пераможцаў устанавілі разумныя фасовачныя вагі, якія аўтаматычна распазнаюць пакладзеныя на платформу прадукты. Як працуе навінка і ці можна верыць штучным вачам, перадае «Минск-Новости».
Па задумцы, прылада павінна аблегчыць і паскорыць працэс узважвання тавараў. Пакупнікам не трэба запамінаць і ўводзіць код для кожнага фрукта ці агародніны, набіраць іх назвы ўручную або шукаць у пераліку — з усім справіцца штучны інтэлект (ШІ).
Усталяваная над маніторам вагаў камера захоплівае прадукты, якія кладуць на платформу, а сістэма аўтаматычнага відэа-распазнання аналізуе малюнак і прапануе варыянты тавараў, што падыходзяць па форме і колеры. Па сцвярджэнні вытворцы, прылада не толькі адрознівае агародніну, садавіну, цукеркі, сухафрукты, арэхі ці іншыя прадукты, але і лёгка навучаецца. Нейрасетка запамінае зроблены пакупніком выбар і ўлічвае яго ў далейшай рабоце, таму кожнае новае ўзважванне робіць наступныя больш дакладнымі.
Ёсць у «разумных» вагаў яшчэ адзін плюс — яны дапамагаюць пазбегнуць перасорціцы. Калі пакупнік або аператар касы няправільна пазначае код тавару пры ўзважванні, у базе даных магазіна ўзнікае блытаніна: аднаго тавару аказваецца лішак, а другога, наадварот, не хапае. Такая сітуацыя можа ўзнікнуць не толькі з-за выпадковай памылкі, але і з прычыны наўмыснага дзеяння з боку пакупнікоў, якія ўзважваюць дарагія прадукты як танныя. Штучны зрок распазнае тавары з дакладнасцю да 99 , што практычна цалкам выключае верагоднасць памылкі з-за чалавечага фактару, запэўнівае на сваім сайце вытворца «разумных» вагаў.
Ці так гэта на справе, вырашылі праверыць у адным са сталічных гіпермаркетаў.
Тэставанне «разумнай» тэхнікі пачалося, здавалася б, з самага простага — чырвонага яблыка. І тут з ходу здарыўся правал: вагі садавіну не апазналі наогул, не выдаўшы ніводнага варыянту. Наступнымі на платформу адправіліся круглыя таматы ў пакеце — паводле апісання, штучны зрок павінен распазнаваць тавары ў плёнцы, сетцы і цэлафане. Выдаўшы на пару секунд варыянт «Таматы сліўка», «разумная» тэхніка зноў задумалася... і зноў не прапанавала ніводнага варыянту.
На гэтым месцы можна было б зрабіць выснову, што тэхналогія зусім сырая і далёкая ад дасканаласці, але тут да вагаў падышла пакупніца з нашумелым у мінулым годзе кітайскім вінаградам «Шайн мушкат». І цуд — буйныя зялёныя ягады вагі, нарэшце, распазналі. Следам на платформу адправілася яшчэ адна гронка, ужо ў пакеце — і гэта прыладзе аказалася па сілах, а дакладней, па вачах.
Эксперыменты з іншай агароднінай і садавінай працягнуліся са зменлівым поспехам. З шампіньёнамі праблем не было, плод інжыра штучны інтэлект пазнаваў праз раз, а вось шматлікія сарты яблыкаў і вінаград для нейрасеткі аказаліся тэра інкогніта. Лепш за ўсё справа ішла з бананамі — іх вагі вызначылі ва ўсіх выпадках. Справіліся вагі і з загорнутай у плёнку пекінскай капустай. Затое баклажан і чырвоная цыбуля не паддаліся ШІ, а грэцкія арэхі вагі ўпарта ідэнтыфікавалі як жоўтыя чэры.
У выніку, каб наляпіць этыкеткі на прадукты, іх назвы даводзілася набіраць уручную, а самі плады — даставаць з пакетаў. Сам працэс узважвання заняў яшчэ больш часу, чым на звычайных прыладах. Як нярэдка бывае, задумка добрая, але яе рэалізацыя «кульгае» — да чалавечых вачэй і рук высокім тэхналогіям пакуль яшчэ далёка.