Малако — гэта адзін з ключавых прадуктаў харчавання, а сама сфера — адна з вядучых у харчовай прамысловасці. Менавіта таму ў Мінскай вобласці надаецца асаблівая ўвага гэтай галіне. Пра гэта расказаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.
«Для многіх раёнаў вытворчасць малака — гэта ўстойлівая крыніца атрымання выручкі і прыбытку. Гэта наўпрост уплывае на ўзровень заработнай платы ў рэгіёне. Лічбы ў цэлым нядрэнныя. Але не ва ўсіх», — адзначыў кіраўнік Міншчыны.
Сёння ў вобласці будуюцца 10 малочна-таварных комплексаў у рамках Указа Прэзідэнта, а таксама 15 — за кошт пазыковых сродкаў малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Да новых малочна-таварных комплексаў — асаблівыя патрабаванні. У прыярытэце — малако экстра класа, бо гэта грошы, а значыць, і дабрабыт людзей. «Трэба лічыць сродкі. Якога гатунку малако на малочна-таварнай ферме Клецкага раёна? — задае пытанне прадстаўнікам гэтага райвыканкама Аляксандр Турчын. — Па ўсіх нашых новых малочна-таварных фермах неабходна ўстанавіць мінімальныя парогі па якасці і колькасці, бо ў выніку мы недаатрымліваем выручку».
Паводле слоў губернатара, звярнуць увагу неабходна і на старшыняў гаспадарак. Які ў іх графік, і што яны робяць у працоўны час? Кіраўнік павінен знаходзіцца на ферме, валодаць сітуацыяй і ўнікаць у вырашэнне нават дробных праблем: «Галоўнае пытанне — гэта людзі. Калі іх не будзе, нічога не атрымаецца. Як нам іх прыцягнуць? Добрым узроўнем заработнай платы. Вы павінны ствараць умовы для працы, і калі мы не можам плаціць, то ад нас будуць сыходзіць. Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне», — адзначыў кіраўнік вобласці.
На думку губернатара, важны і незалежны кантроль якасці прадукцыі: «Павінна быць поўная аб’ектыўнасць і інфармацыі, і вынікаў».
План сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці прадугледжвае, што ў 2025 годзе прадуктыўнасць дойнага статка давядуць да сямі тысяч кілаграм малака на карову. Палепшыцца і якасць выраблянага малака, а рэалізацыя гатунку экстра вырасце да 70%. Будуюцца 72 сіласна-сянажныя траншэі агульным аб’ёмам 144 тысячы тон. Больш за 20 з іх ужо ўведзены ў эксплуатацыю.
Пра тое, як важна для краіны малако, кажа і статыстыка. З яго вырабляюць масу прадуктаў, уключаючы і на экспарт. Па выніках 2023 года Беларусь увайшла ў лік лідараў сусветнага рэйтынгу па вытворчасці сыроў на душу насельніцтва, апярэдзіўшы многія краіны Еўропы, такія як Германія і Францыя.
Фота з тэлеграм-канала «Мінская вобласць І Пра галоўнае»