У Мінскай вобласці 17 мая пройдзе дэпутацкі суботнік па добраўпарадкаванні гарадскіх пасёлкаў і аграгарадкоў. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на Мінскі абласны Савет дэпутатаў.
Суботнік па добраўпарадкаванні гарадскіх пасёлкаў пад дэвізам «Зробім пасёлак чыстым самі!» пройдзе па ініцыятыве дэпутацкага корпуса Мінскай вобласці, пры ўдзеле членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама Маладзёжнага парламента Мінскай вобласці. Далучыцца да акцыі дэпутаты прапануюць і мясцовым жыхарам, якія могуць таксама ўнесці свой уклад у навядзенне парадку і ўтульнасці на прыдамавых тэрыторыях прыватных домаўладанняў, дварах шматкватэрных жылых дамоў і вуліцах сваіх населеных пунктаў.
«Населеныя пункты, у якіх пройдзе суботнік, вызначаны ў кожным раёне Мінскай вобласці. Так, у Валожынскім раёне яго ўдзельнікі папрацуюць у гарадскім пасёлку Івянец, у Клецкім — у аграгарадку Морач, у Мінскім — у гарадскім пасёлку Мачулішчы, у Смалявіцкім — у гарадскім пасёлку Зялёны Бор. У суботніку прымуць удзел дэпутаты ўсіх узроўняў. Разам з работнікамі жыллёва-камунальных і дарожных службаў, лясгасаў, устаноў сацыяльнай сферы і прамысловых прадпрыемстваў, прадстаўнікамі мясцовых выканаўчых органаў улады будзем працаваць на агульны вынік», — расказала старшыня Мінскага абласнога Cавета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
Яна таксама падкрэсліла, што суботнік не стане разавай акцыяй і ў Год добраўпарадкавання дэпутаты прадоўжаць прымаць удзел у навядзенні парадку ў населеных пунктах.