Top.Mail.Ru
92

Белагра-2026: Падрыхтоўка да форуму стартавала

2 красавіка ў Мінсельгасхарчы прайшла арганізацыйна-ўстановачная нарада па падрыхтоўцы да міжнароднай выстаўкі «Белагра-2026», у якой прыняў удзел намеснік Прэм’ер-міністра Юрыя Шулейка. У рабоце нарады таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў і профільных арганізацый.


Юрый Шулейка, адкрываючы нараду, абазначыў, што на нарадзе закладваецца фундамент падзеі, якая павінна стаць яшчэ больш маштабнай, насычанай і значнай. «Фармат выставы застаецца правераным, але сёлета нам важна забяспечыць гасцям свабоду перамяшчэння, экспанентам палепшыць нагляднасць прэзентацыі, каб увесь свет убачыў лепшае, што створана ў беларускім АПК. Кожны квадратны метр выставачнай плошчы павінен працаваць на імідж краіны, давер партнёраў і вынік у выглядзе новых кантрактаў і пагадненняў», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Выстава пройдзе 2-6 чэрвеня 2026 года на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. Задача форуму не мяняецца — прэзентаваць усяму свету экспартны патэнцыял беларускага аграпрамысловага комплексу, прадэманстраваць інавацыйныя рашэнні і ўмацаваць міжнароднае супрацоўніцтва.

Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання накіраваны запрашэнні профільным міністрам 89 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікам 53 краін і дыпламатычных місій. Удзел пацвердзілі на ўзроўні афіцыйных дэлегацый ужо прадстаўнікі сямі дзяржаў і васьмі рэгіёнаў Расіі. Чакаецца прыбыццё кіруючага складу Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Еўразійскай эканамічнай камісіі, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), а таксама дэлегацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі.


Ужо пададзена 395 заявак ад арганізацый з васьмі краін. Плошча выставы павялічана да 42,6 тыс. кв. м (гэта на 3740 кв. м больш, чым у 2025 годзе). Папярэдняе браніраванне плошчаў ужо ажыццявілі прадстаўнікі пяці расійскіх рэгіёнаў: Чалябінскай, Бранскай, Мурманскай абласцей, Рэспублікі Мардовія і Краснадарскага краю.

Калектыўныя экспазіцыі прадставяць прадпрыемствы і арганізацыі Мінсельгасхарча, Мінпрама, НАН Беларусі. Працягваецца камплектаванне тэматычных зон: «Цяплічная гаспадарка і плодаагароднінная прадукцыя», «Угнаенні і сродкі аховы раслін», «Фермерскія тэхналогіі і аграрашэнні для малых гаспадарак».

Дзелавая праграма «Белагра-2026» фарміруецца як ключавая экспертная пляцоўка. У яе аснове: форум «АграШОС», міжрэгіянальны форум «Дні рэтэйла ў Мінску», а таксама тэматычныя сесіі па навуцы і кадрах, харчовай бяспецы, жывёлагадоўлі, раслінаводстве, лічбавізацыі і прававым суправаджэнні бізнесу.

Гасцей выставы чакаюць відовішчныя фарматы: конкурс «Лепшы араты», дэманстрацыйныя паказы сельскагаспадарчай тэхнікі ў рабоце, конкурс «Чэмпіён смаку», агляд лепшай племянной каровы, профільныя пляцоўкі «Белферма» і «Рыбацкая вёска», В2В-сустрэчы, выступленні творчых калектываў і тэматычная зона «Партызанская паляна».

Для павышэння камфорту наведвальнікаў ствараецца афіцыйны мабільны дадатак выставы з інтэрактыўнай навігацыяй, актуальным раскладам і каталогам удзельнікаў.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў падкрэсліў: «Белагра» — гэта яшчэ і свята для ўсёй сям’і. Мы пашыраем зону жывёлагадоўлі, якая традыцыйна становіцца любімым месцам для гасцей з дзецьмі, якія з задавальненнем бяруць удзел у дэманстрацыйных паказах, размаўляюць з жывёламі. Наша задача — максімальна шырока праінфармаваць людзей, каб выставу наведалі ўсе ахвочыя, хто цікавіцца сельскай гаспадаркай, тэхналогіямі, якасцю жыцця».

У ведамстве дадалі, што падрыхтоўка да выставы вядзецца ў планавым рэжыме. Усе абазначаныя на нарадзе ўстаноўкі з’яўляюцца абавязковымі да выканання. Традыцыйныя дэгустацыі беларускай прадукцыі, выступленні артыстаў, інтэрактыўныя зоны — кожны ўдзельнік робіць свой уклад у стварэнне адзінага, яркага вобраза форуму. 

Уваход на выставу бясплатны.

Алена ВІНАГРАДАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю