Top.Mail.Ru

У Мінпрацы расказалі, як узмацнілася падтрымка сем’яў з дзецьмі ў 2025 годзе

Істотна выраслі выплаты будучым мамам з невялікім стажам работы, студэнтам, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

На фінансаванне сістэмы дапамог у 2025 годзе было накіравана 3,7 мільярда рублёў. Амаль 2 мільярды з гэтай сумы былі прызначаны для выплат на дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. У параўнанні з 2024 годам памер гэтых дапамог вырас на 19,3 %.

У першую чаргу, значна павялічыўся мінімальны памер дапамогі для маладых жанчын, якія толькі чакаюць нараджэння дзіцяці. Для застрахаваных жанчын, чый працоўны стаж не перавышае шасці месяцаў, дапамога па цяжарнасці і родах была павялічана ў тры разы. Калі раней можна было разлічваць на суму ў палову бюджэту пражытачнага мінімуму (245,55 рубля), то цяпер выплата складае поўную мінімальную заработную плату (МЗП) — 752,52 рубля.

Для будучых маці, якія яшчэ толькі атрымліваюць адукацыю, праходзяць службу або стаяць на ўліку як беспрацоўныя, дапамога падвоілася: з 50 % да 100 % бюджэту пражытачнага мінімуму (з 245,55 да 491,09 рубля), інфармуюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

За год, па даных ведамства, была ўзмоцнена фінансавая дапамога сем’ям, дзе ёсць дзеці з інваліднасцю. Раней на дзяцей старэйшых за тры гады яна выплачвалася, пакуль асаблівае дзіця не дасягне 18 гадоў, а таксама ў выпадку, калі бацька праходзіць тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу. Або калі бацькі з’яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы, або адзін — інвалід І групы, а другі ажыццяўляе за ім догляд і атрымлівае адпаведныя дапамогі.

З 2025 года права на атрыманне грашовай падтрымкі захоўваецца і пасля паўналецця дзіцяці-інваліда, калі яму ўстаноўлена I група інваліднасці і адзін з бацькоў даглядае яго. Такую дапамогу атрымаць могуць і жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей старэйшых за тры гады, у выпадках, калі бацька дзіцяці прызваны на тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу і абавязаны выплачваць аліменты.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю