Top.Mail.Ru

У Мінпрацы расказалі аб мерах падтрымкі сем’яў з дзецьмі-інвалідамі

Змяненні, якія набылі сілу ў 2025 годзе, закранаюць некалькі ключавых аспектаў жыцця дзяцей і іх бацькоў.


Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у сем’ях з двума дзецьмі-інвалідамі, калі адзін з бацькоў ужо заняты доглядам аднаго дзіцяці, аформіць бальнічны ліст па доглядзе другога можа іншы сваяк, напрыклад, бабуля. Да таго ж, калі абодва дзіцяці адначасова накіроўваюцца на санаторна-курортнае лячэнне або рэабілітацыю і іх суправаджаюць розныя члены сям’і, абодва бальнічныя лісты падлягаюць аплаце.

Калі паўналетняму дзіцяці-інваліду ўстаноўлена I група і за ім працягваецца догляд, сям’я не страчвае фінансавую дапамогу на іншых дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Таксама права на выплаты захоўваецца за сем’ямі, чые дзеці, старэйшыя за 3 гады, атрымліваюць платную адукацыю. Незалежна ад таго, хто з’яўляецца крыніцай фінансавання — самі бацькі або арганізацыя, у якой яны працуюць.

Важным змяненнем з’яўляецца гарантыя бесперапыннасці сацыяльных выплат. Калі дзіця-інвалід часова, на тэрмін да 56 дзён у годзе, змяшчаецца ў сацыяльны пансіянат для атрымання медыка-сацыяльнай дапамогі, усе дзяржаўныя выплаты за ім захоўваюцца. Акрамя таго, бацькі і іншыя асобы, якія ажыццяўляюць догляд, зараз могуць прайсці прафесійнае навучанне або перакваліфікацыю праз службу занятасці, без спынення атрымання належнай дапамогі па доглядзе, паведамляе Мінпрацы.

Істотныя карэктывы ў 2025 годзе ўнесены ў пенсіённае забеспячэнне. У выпадку страты карміцеля пенсія дзіцяці-інваліда павялічваецца на даплату, памер якой складае ад 80 % да 110 % бюджэту пражытачнага мінімуму і залежыць ад ступені страты здароўя. А інвалідам з дзяцінства I і II групы, чый карміцель памёр да іх паўналецця, пенсія павышаецца на 110 % і 95 % БПМ адпаведна.

Дарэчы, цяпер мужчыны, якія выхоўваюць дзіця-інваліда без удзелу маці, маюць права на датэрміновы выхад на пенсію па ўзросце. Для гэтага бацьку неабходна дасягнуць 58 гадоў, мець агульны працоўны стаж не менш за 25 гадоў (уключаючы страхавы стаж ад 5 гадоў) і выхоўваць дзіця не менш за 8 гадоў да яго паўналецця. Раней такая магчымасць давалася бацьку толькі ў выключных выпадках, напрыклад, калі маці адмовілася ад свайго права.

Аміна НАЗАРАВА.
Фота з адкрытых крыніц.

Чытайце таксама: Установы сацабслугоўвання атрымалі 26 мікрааўтобусаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю