У Беларусі працуе каля 460 тысяч пенсіянераў. Каля 10 тысяч грамадзян, якія дасягнулі непрацаздольнага ўзросту, выйшлі на рынак працы ў студзені, калі пачаў дзейнічаць указ кіраўніка дзяржавы, што знімае абмежаванні ў памеры пенсій для працоўных пенсіянераў. У тым ліку каля 2,6 тысячы пажылых грамадзян, чый каэфіцыент пры налічэнні пенсіі складаў больш за 1,3, пажадалі працаваць пасля таго, як абмежаванні былі зняты.
Сярэдняя пенсія ў лютым — 932 рублі
Усяго ў нашай краіне больш за 2,4 мільёна пенсіянераў — каля 26 % насельніцтва. Расходы на выплаты пенсій складаюць 9 % ВУП. Летась на гэта затрачана 23 мільярды рублёў, на сёлета запланавана каля
26 мільярдаў.
— Паколькі пенсія для многіх пенсіянераў з’яўляецца адзінай крыніцай сродкаў для існавання, то асноўная задача дзяржавы — падтрымка рэальных даходаў пенсіянераў. Вельмі важна, каб даходы нашых пажылых грамадзян былі абаронены ад інфляцыі. І гэта задача паспяхова выконваецца, — падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена ГОМАРАВА
Яна нагадала, што летась было праведзена два пераразлікі працоўных пенсій: з лютага — на 10 % і з кастрычніка — на 5 %, у выніку пенсіі павялічыліся ў рэальным выражэнні на 10 %. Сёлета таксама з лютага пенсіі выраслі на 10 %.
У кожнага павышэнне сваё — у залежнасці ад стажу і заробку, а таксама надбавак, якія выплачваюцца да пенсій. Сярэдняя пенсія за люты склала 932 рублі. Як пенсіі вырастуць сёлета, будзе залежаць ад росту эканомікі і напаўнення ФСАН.
Калі і для каго ўвядуць праактыўнае прызначэнне пенсіі?
У краіне штогод прымаецца шэраг нарматыўна-прававых актаў, накіраваных на дадатковую падтрымку пенсіянераў. Так, летась быў прыняты ўказ кіраўніка дзяржавы, які прадугледжвае, што перыяды ваеннай службы на тэрыторыі Латвіі і Эстоніі залічваюцца беларусам у агульны стаж для прызначэння пенсіі (пры ўмове, калі за гэты стаж не было прызначана пенсіі латвійскім ці эстонскім бокам). У выніку пералік атрымалі каля 550 пенсіянераў.
Самы комплексны ўказ кіраўніка краіны па пенсіённым забеспячэнні быў прыняты ў кастрычніку мінулага года. Ён адмяніў абмежаванні памераў пенсій для працоўных пенсіянераў, і гэта мера закранула каля 110 тысяч грамадзян. Ва ўсіх іх выраслі выплаты на розныя сумы, максімальны памер — на 500 рублёў. Акрамя таго, нарматыўны дакумент прадугледжвае ўстанаўленне значнага павышэння да пенсіі дзецям-інвалідам, якія страцілі кармільца (ад 80 да 110 % БПМ), інвалідам з дзяцінства І і ІІ груп, якія страцілі кармільца да 18 гадоў (95–110 % БПМ), спрашчае парадак прызначэння пенсіі (цяпер звяртацца можна не толькі ў дзень нараджэння, але і за месяц да яго ці на працягу месяца пасля) і змяшчае меры для шматдзетных бацькоў і бацькоў дзяцей-інвалідаў.
Сярод найбліжэйшых перспектыў Алена Гомарава назвала ўвядзенне праактыўнага прызначэння пенсіі па інваліднасці з 1 студзеня 2026 года. Яна будзе прызначацца аўтаматычна па факце наступлення пэўнай жыццёвай сітуацыі. Напачатку гэта будзе датычыцца толькі дзяцей-інва-
лідаў і маладых інвалідаў — катэгорый, для прызначэння пенсій якім патрабуецца мінімум інфармацыі. Адпаведная інфармацыя аб устанаўленні інваліднасці будзе накіроўвацца ў пенсіённыя органы, і неабходнасць асабіста звяртацца з заявай для прызначэння пенсіі знікне.
Як павялічыць сваю будучую пенсію?
Па словах Алены Гомаравай, памеры пенсій залежаць ад працягласці працоўнага стажу і заробку. Аднак сёння кожны работнік можа паўплываць на памер сваёй будучай пенсіі. Адзін з самых першых механізмаў, якія дзейнічаюць у нашай краіне, — праграма «Адкладзеная пенсія». Калі працоўны пенсіянер адмаўляецца на пэўны час ад пенсіі, яе памер у будучыні будзе павялічаны. Мінімальны перыяд — два месяцы. У такім выпадку пенсія павялічыцца на 1 %, калі пенсіянер адмаўляецца на год — памер вырасце на 6 %, на два — яшчэ на 8 %, на тры — яшчэ на 10 %, на чатыры — яшчэ на 12 %, на пяць — яшчэ на 14 %. Працэнты павелічэння падсумоўваюцца паміж сабой.
— Такім чынам, за пяць гадоў адмовы сваю пенсію можна павялічыць у два разы, — адзначыла Алена Гомарава.
З 2022 года ў Беларусі працуе і праграма дадатковага страхавання дабравольнай назапашвальнай пенсіі з падтрымкай дзяржавы, вядомая як «3+3». Максімальны тарыф назапашванняў — 13 %, з якіх ад 1 да 3 % адлічвае работадавец, ад 1 да 10 % — работнік. Самы папулярны тарыф — «3+3», калі і работнік, і наймальнік адлічваюць аднолькавую суму, ім скарысталася 64 % грамадзян, якія заключылі такія дагаворы.
Усяго ж дагаворы па гэтай праграме заключыла больш за 49 тысяч чалавек, якія працуюць у 8932 работадаўцаў. Партрэт чалавека, які назапашвае такую пенсію, выглядае наступным чынам. Як правіла, гэта жанчына (70 % ад тых, хто заключыў дагаворы), якой засталося 10–15 гадоў да пенсіі. Перыяд выплаты дадатковай пенсіі, а ён складае 5 або 10 гадоў, пераважная большасць застрахаваных (94 %) выбірае 5-гадовы.
Што трэба зрабіць, каб пачаць назапашваць такую пенсію, нагадала намеснік генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства «Стравіта» Алена Тулейка. Найперш работніку на дату заключэння дагавора павінна заставацца не менш за тры гады да наступлення пенсіённага ўзросту. Яму трэба вызначыцца з тарыфам і вызначыць жаданы тэрмін выплаты дадатковай пенсіі. Далей заключыць дагавор са «Стравітай» (анлайн у асабістым кабінеце, або наведаўшы страхавую кампанію, або праз яе прадстаўніка), прад’явіць работадаўцу і напісаць заяву.
Адметна, што тарыф можна змяняць, выплату сродкаў прыпыняць і аднаўляць, а назапашанае ў выніку смерці грамадзяніна дастанецца яго законным нашчадкам. Алена Тулейка прывяла прыклад сваіх калег, якія заключылі дагаворы за 13 і 16 гадоў да пенсіі. Пры сённяшніх умовах іх дадатковая пенсія складала б 1700 рублёў і 2 тысячы рублёў адпаведна штомесяц на працягу пяці гадоў пасля выхаду на пенсію. Дарэчы, ужо сёлета ў другой палове года дадатковыя назапашвальныя пенсіі пачнуць атрымліваць 47 беларусаў.