Вітаючы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ААЭ ў Беларусі Ібрагіма Саліма Махамеда Аль-Мушараха, кіраўнік лясной галіны краіны Аляксандр Кулік адзначыў: Беларусь — адна з самых лясных краін Еўропы. На кожнага жыхара краіны прыпадае адзін гектар лесу.
— Лясы адыгрываюць важную экалагічную, эканамічную, сацыяльную ролі. Нам ёсць пра што пагаварыць і ёсць што прапанаваць вам, каб развіць наша супрацоўніцтва. Напрыклад, Беларусь валодае магутным турыстычным патэнцыялам. Калі казаць пра сістэму Мінлясгаса, гэта як экалагічны, так і паляўнічы турызм. І, вядома ж, мы гатовы прапанаваць сваю прадукцыю дрэваперапрацоўкі, — падкрэсліў профільны міністр.
Аляксандр Кулік прапанаваў паслу ААЭ паставіць амбіцыйную задачу ў гандлі піламатэрыяламі. Ён адзначыў, што ў параўнанні з 2024-м летась атрымалася ў тры разы павялічыць у грашовым эквіваленце аб’ём паставак беларускай пілапрадукцыі ў ААЭ.
— Нам трэба ўзяць планку ў 100 тысяч кубаметраў — гэта ўсяго толькі ў некалькі разоў больш за леташнія аб’ёмы! — прапанаваў Аляксандр Кулік.
— Паспрабуем, — пагадзіўся Ібрагім Салім Махамед Аль-Мушарах.