Цяпер задаць пытанне міністру інфармацыі Марату Маркаву зможа кожны ахвотны. Якім чынам? Праз асабістыя паведамленні ў афіцыйным тэлеграм-канале міністэрства.
Кожны тыдзень Марат Маркаў будзе выбіраць самыя цікавыя пытанні і адказваць на іх, дзелячыся сваім меркаваннем па актуальных тэмах у фармаце «пытанне-адказ».
Пытанне міністру (пунктуацыя захавана):
Ці з'явіцца ў Беларусі ўласны дзіцячы тэлеканал?
Адказ міністра:
— Пытанне простае і складанае адначасова. У краіне сёння зарэгістравана і вяшчае 18 тэлеканалаў, арыентаваных на дзіцячую аўдыторыю. З іх — 17 расійскіх і ніводнага беларускага. Большасць з іх — прыватныя. У сувязі з гэтым, «за» з'яўленне такога канала — разуменне простага факта, што выхоўваць сваіх дзяцей на сваіх каштоўнасцях і маралі мы абавязаны самі, а тэлебачанне — гэта адзін з інструментаў такога выхавання. І гэта першая, «простая» частка адказу.
Ці дастаткова ў краіне ўласнага беларускага дзіцячага кантэнту (з усімі архівамі «Беларусьфільма»)? Хто будзе вырабляць гэты кантэнт на пастаяннай аснове, каб запоўніць 16–18 гадзін эфіру? Ці павінен тэлеканал быць дзяржаўным, ці ёсць энтузіясты, гатовыя ўзяць частку клопатаў па выхаванні нашых дзяцей у рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства, і галоўнае — які працэнт дзяцей яго будзе глядзець — гэта толькі вельмі малая частка пытанняў, якія патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі. І гэта другая, «складаная» частка адказу.
Не трэба будаваць ілюзій, што канал будзе прывабны для рэкламадаўцаў, а значыць, гэта выключна сацыяльны і вельмі затратны праект. Што безумоўна — мы пачалі прапрацоўваць гэтыя пытанні #наПадумаць.