Top.Mail.Ru

У Міністэрстве адукацыі нагадваюць пра неабходнасць асаблівага кантролю за дзецьмі падчас летніх канікул

Лета — асаблівы час. З аднаго боку, цёплая пара, калі школьнікі могуць адпачыць ад заняткаў, адчуць сапраўдную асалоду дзяцінства. З іншага — гэта перыяд асаблівай небяспекі. У Міністэрстве адукацыі нагадваюць: дзяцей нельга пакідаць адных — асабліва там, дзе павышаная рызыка непрыемных здарэнняў. Варта пастаянна нагадваць ім і правілы бяспекі — гэта тая тэарэтычная аснова, якая выратоўвае рэальнае жыццё. Больш падрабязна пра гэта карэспандэнту «Звязды» расказала намеснік міністра адукацыі Кацярына ПЯТРУЦКАЯ.



«Мы працягваем рэалізацыю рэспубліканскай акцыі „Бяспечныя канікулы“, — адзначыла намеснік міністра. — У апошнія вучэбныя дні мы пастараліся з дзяўчатамі і хлопцамі ўспомніць, а кагосьці навучыць правілам бяспекі — актуалізавалі правілы дарожнага руху, правілы паводзін на вадзе, супрацьпажарнай бяспекі, правілы камунікацыі ў Інтэрнэце. Большая частка нашых дзяцей сёння адпачывае ў летніх аздараўленчых лагерах, таму вялікая ўвага была ўдзелена і гэтаму пытанню». 

Па словах Кацярыны Пятруцкай, пытанне забеспячэння бяспекі дзяцей у летніх аздараўленчых лагерах кантралюецца ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў, установамі аховы здароўя, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. 

«Мы працягваем актыўна працаваць з бацькамі па пытаннях забеспячэння бяспекі, — дадала намеснік міністра адукацыі. — На рэгулярнай аснове ў бацькоўскіх чатах размяшчаюцца інфармацыйныя матэрыялы, памяткі пра бяспеку дзяцей».

Асаблівую ўвагу Кацярына Пятруцкая звярнула на бацькоў малалетніх дзетак. «Каб у кватэры было свежае паветра, адчыняюцца вокны. На іх стаяць маскітныя сеткі, якія, на жаль, не абараняюць нашых дзяцей ад выпадзення. І пакіданне дзіцяці без нагляду з адкрытым акном можа пацягнуць за сабой незваротныя наступствы. Таму я хачу зараз звярнуцца да ўсіх бацькоў. Не пакідайце дзяцей без нагляду, калі ў вас адчыненыя вокны. Не пакідайце дзяцей без нагляду на вадаёмах і там, дзе ёсць вада. Абавязкова суправаджайце іх падчас прагулак. Нагадайце ім яшчэ раз пра правілы бяспекі».

Яна ВАЛАСАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю