Не так даўно Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях прадастаўлення пазык». Як растлумачылі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы, гэты заканадаўчы акт накіраваны на абарону маёмасных правоў грамадзян, звязаных з запазычаннем грашовых сродкаў, і прадугледжвае карэкціроўку Грамадзянскага кодэкса, законаў «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі», «Аб рэкламе».
У прыватнасці, устанаўліваюцца забароны на прадастаўленне пазык грамадзянам суб’ектамі гаспадарання, якія не ажыццяўляюць мікрафінансавую дзейнасць (за выключэннем пазык сваім работнікам); выкарыстанне ў якасці закладу па дагаворах пазыкі адзінага жылога памяшкання; прадастаўленне грамадзянам пазык у замежнай валюце, уключаючы выкарыстанне валютнага эквівалента (за выключэннем пазык паміж блізкімі сваякамі).
Таксама ўводзяцца абмежаванні па памерах працэнтаў, няўстойкі (штрафу, пені), што выплачваюцца па дагаворах пазыкі.
Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзяніс Скабялка пракаментаваў падпісаны Прэзідэнтам закон, які, як падкрэсліў спецыяліст, накіраваны на абарону маёмасных інтарэсаў і фінансавых правоў грамадзян:
— Асноўныя інавацыі, якія прадугледжаны законам, — перш за ўсё, гэта забарона для юрыдычных асоб, якія не з’яўляюцца прафесійнымі ўдзельнікамі рынку мікрафінансавання, на прадастаўленне пазык фізічным асобам.
Па словах прадстаўніка Нацбанка, гэта забарона не будзе распаўсюджвацца на працоўныя праваадносіны:
— Гэта значыць, наймальнік зможа па-ранейшаму выдаваць пазыкі сваім работнікам.

Вельмі важнай навацыяй, прадугледжанай законам, па яго словах, таксама з’яўляецца той факт, што ў рамках пазыковых праваадносін нельга будзе ў якасці закладу прадастаўляць адзінае жыллё (як з гаспадарчымі пабудовамі, так і без іх):
- — Гэта значыць, дом, альбо кватэра, альбо доля ў гэтым доме ці кватэры не змогуць больш прадастаўляцца (калі яны з’яўляюцца адзінымі для ўласніка) у якасці закладу.
Акрамя таго, звярнуў увагу намеснік старшыні праўлення Нацбанка, законам прадугледжваецца абмежаванне памеру працэнтаў па пазыках, якія могуць быць устаноўлены ў рамках адпаведнага дагавора.
— Напрыклад, па пазыцы, якая выдаецца фізічнай асобе, памер працэнтаў не зможа перавышаць паловы памеру пазыкі, калі гэта пазыка даецца на год. Калі больш за адзін год — то памеру самой пазыкі, пракаментаваў Дзяніс Скабялка.
— Устанаўліваецца мяжа для памераў няўстоек, штрафаў, пені, іншых санкцый, якія прадугледжваюцца пад дагаворам. Такія няўстойкі, штрафы і пені не змогуць перавышаць паловы памеру самой пазыкі, — дадаў спецыяліст.
Дарэчы, закон уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.