Разліў нафтапрадуктаў з нафтаправода «Дружба» ліквідаваны ў Мазырскім раёне, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
Зараз высвятляюцца дакладныя прычыны інцыдэнту.
Паводле інфармацыі ведамства, уцечка адбылася блізу вёскі Акулінка. На месца аператыўна прыбылі супрацоўнікі мясцовага райвыканкама, Мазырскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, РАНС, Праматамнагляду, эпідэміёлагі.
«Прычыны ўзнікнення аварыйнай сітуацыі ўдакладняюцца. Інцыдэнт лакалізаваны», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве. Падкрэсліваецца, што нафтапрадукты не патрапілі ў водныя аб’екты.Спецыялісты аварыйнай службы ААТ «Гомельтранснафта Дружба» вядуць работы па аднаўленні пашкоджанага ўчастка трубаправода і праводзяць адпампоўку паліва, якое разлілося.
Ступень забруджвання і плошча пацярпелага ўчастка будуць вызначаны экспертамі Рэспубліканскага цэнтра аналітычнага кантролю ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. У бліжэйшы час у Мазырскім райвыканкаме пройдзе пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях для выпрацоўкі далейшых крокаў па ўстараненню наступстваў аварыі.