Top.Mail.Ru
187

У Маскве выйшла кніга беларускай пушкіністкі

У Беларусі добра ведаюць літаратуразнаўцу Ларысу Чаркашыну, якая жыве і працуе ў Маскве. Аўтар многіх кніг, прысвечаных жыццю і творчасці Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, яна займаецца радаводным дрэвам класіка сусветнай літаратуры. Плакаты з радаводам, даследаваным нашай зямлячкай (а нарадзілася Ларыса Андрэеўна ў Ваўкавыску), можна ўбачыць у многіх бібліятэках краіны. Найперш — у тых, якія носяць імя А. С. Пушкіна.



Новая кніга Ларысы Чаркашынай «Да здравствует солнце!..»: Пушкин и его земной мир» пабачыла свет у маскоўскім выдавецтве «Вече». З выдавецкай анатацыі: «Зямны свет Пушкіна... Ён напоўнены жыццём. У ім вольна вітаюць у паднябессі ганарлівыя арлы, спрытна імчацца данскія жарабцы, беласнежныя лебядзі адлюстроўваюцца ў азёрнай плыні, звіняць дакучлівымі ланцугамі мішкі, мурлыкаюць кацяняты — хатнія любімчыкі, зайцы час ад часу перабягаюць дарогу, ваююць у змроку шэрыя разбойнікі... І магчыма, упершыню ў кнізе вядомай пушкіністкі Л. А. Чаркашынай „сабраліся“ разам птушкі і звяры, кветкі і пчолы, камні-талісманы і нябесныя зоркі — уся „вясёлая прырода“ вялікага паэта. Каб яшчэ раз нам следам за Пушкіным падзівіцца прыгажосці Божага свету». 

Падарожнічаючы па творах і мясцінах Пушкіна, Ларыса Чаркашына не забываецца пра Беларусь. На старонках кнігі мы знойдзем і здымкі помніка «Мядзведжай акадэміі» ў Смаргоні, на Гродзеншчыне. А таксама — рэпрадукцыю герба Смаргоні. Разважаючы над мастацкай прыродай тых ці іншых вобразаў, Л. Чаркашына не абыходзіць і тэму «гаспадара рускага леса» — мядзведзя. Піша пра раман «Дуброўскі». Звяртаецца даследчыца і да азначэння касалапага наступным чынам — «смаргонскі студэнт» (У. Даль). І далей расказвае пра так званую «Смаргонскую мядзведжую акадэмію». Падарожжа ў Ваўкавыск, знаёмства з помнікам ваўчыцы ў Ваўкавыску, іншыя беларускія адрасы — у нарысе «Шэры разбойнік ці Воўк-пярэварацень» (адкрываецца гэты нарыс раздзелам з красамоўнай назвай: «Скакнул волком до Немиги»).

Не так даўно расійская пісьменніца разам са сваім братам — таксама ўраджэнцам Ваўкавыска ваенным літаратарам, аўтарам болей як сотні кніг, прысвечаных у асноўным гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мікалаем Чаркашыным правяла сустрэчу з чытачамі ў Ваўкавыску. Дарэчы, шэраг раманаў Мікалая Чаркашына пра 1941 год на Беларусі пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда». 

Мікола Берлеж


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю