Top.Mail.Ru
186

У МАРГ абмеркавалі стратэгіі прасоўвання айчынных тавараў

Зроблена з душой, прададзена з розумам

Беларускія тавары даўно і ўпэўнена заваёўваюць прызнанне за мяжой. Тым не менш айчынным вытворцам яшчэ ёсць над чым працаваць. У першую чаргу неабходна павышаць узровень рэалізацыі сваіх тавараў на ўнутраным рынку. Чаму часам нават самыя якасныя з іх губляюцца на паліцах і што дапаможа беларускаму вытворцу гэтага пазбегнуць, расказалі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Беларускае = якаснае

Ні для каго не сакрэт, што беларуская прадукцыя сама па сабе з’яўляецца брэндам. Гэта пацвярджае і той факт, адзначыла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч, што сёння нашу прадукцыю актыўна падрабляюць, а на замежных рынках з’яўляецца ўсё больш кантрафакту. Праўда, нядобрасумленныя канкурэнты далёка не заўсёды трапляюць у тую самую знакамітую айчынную якасць. І нядзіўна: у першую чаргу трэба з любоўю ставіцца да сваёй справы, укладваць у кожны прадукт часцінку сябе, сваёй душы.

Гэта падкрэсліла і Святлана Караткевіч, адзначыўшы, што асабліва моцныя пазіцыі — у прадуктаў харчавання, аднак і нехарчовая група тавараў стабільна знаходзіць свайго пакупніка: «Наша прадукцыя, дзякуючы ўсім, хто яе стварае — тэхнолагам, маркетолагам, нашым рабочым, — зарэкамендавала сябе выдатна, і менавіта гэты факт робіць усё, што вырабляецца ў краіне, брэндавым».

А вось для сістэмнага прасоўвання айчынных тавараў унутры краіны МАРГ рэалізуе спецыяльны праект «Кожная пятніца — роднае, сваё». Мерапрыемствы, якія право-

дзяцца ў яго рамках, закліканы не толькі падкрэсліць якасці мясцовых прадпрыемстваў, але і знайсці новыя пункты росту, крыніцы натхнення для беларускіх вытворцаў. «Трэба акцэнтаваць увагу спажыўцоў на тым, што ў нас дастойныя прадпрыемствы, — адзначыла Святлана Караткевіч. — Таму сёння вырашылі сабрацца такой шырокай групай вытворцаў і гандлёвых кампаній для прапрацоўкі гэтых пытанняў яшчэ больш дэталёва. І калі нейкія пытанні ўзнікнуць пры ўзаемадзеянні — іх вырашыць».

Сіла брэнда

Адной якасці, пастаяннай работы над яе паляпшэннем ужо не хапае. Характэрнай рысай сучаснага рынку — рынку жорсткай канкурэнцыі — з’яўляецца суседства на адной паліцы дзясяткаў аналагічных тавараў. У такіх умовах прадукт рызыкуе застацца незаўважаным, калі не будзе валодаць яркай індывідуальнасцю. І тут на першы план выходзіць мастацтва маркетынгу і пазіцыянавання: «З боку МАРГ жадаем прапанаваць вытворцам навучыцца дэманстраваць тавар так, каб ён прадаваў сябе сам. Яго можна паставіць на паліцу, але ён павінен стаць пазнавальным, — падкрэсліла намеснік міністра. — І да таго часу, пакуль фокус увагі вытворцы не будзе накіраваны на гэты напрамак, могуць быць нюансы, бо сёння вельмі шырокі спектр тавараў у любой лінейцы прапануецца вялікай колькасцю вытворцаў».

Як жа прымусіць тавар «прадаваць сябе сам»? Першы крок — гэта цесны саюз вытворцы і гандлёвай сеткі. Без канструктыўнага дыялогу і сумесных намаганняў складана дамагчыся прыкметнага выніку, упэўнена Святлана Караткевіч. Яшчэ адным магутным інструментам папулярызацыі прадукту з’яўляецца пацвярджэнне яго высокіх якасных характарыстык, асабліва на дзяржаўным узроўні. Дзяржаўны знак якасці — самая што ні на ёсць сапраўдная гарантыя для пакупніка, паказчык рэпутацыі вытворцы. Для гэтага яго прадукт павінен адзначыцца па пяці ключавых паказчыках: бяспека, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць і эстэтычнасць. Па выніках 2025 года, дарэчы, Дзяржаўны знак якасці быў прысвоены 12 таварам рознай накіраванасці.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю