Top.Mail.Ru
86

У «Мак.бай» перайменавалі амерыкана. Як назвалі напой?

У сетцы рэстаранаў хуткага харчавання «Мак.бай» перайменавалі каву амерыкана ў «Наша кава». Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара кампаніі па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю Вольга Гарэлава, перадае БелТА.

Новая назва ў меню з’явілася сёння. Чаму менавіта «Наша кава», кампанія падрабязна расказала ў відэароліку ў сацыяльных сетках. Як патлумачыла Вольга Гарэлава, для «Мак.бай» створаны свой брэнд. Прывезеныя ў Беларусь кававыя зярняты праходзяць строгі адбор. Іх ацэньваюць па паказчыках якасці. Наступны этап — ачыстка і сартаванне. Затым зерне абсмажваюць партыямі, непадыходнае адсейваюць. Толькі пасля гэтых працэдур кава паступае да барыста. Усё робяць беларускія спецыялісты. Па складзе гэта той жа эспрэса.


Як паведамлялася, перайменаваць каву амерыкана ў сетцы «Мак.бай» прапанаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, калі 8 сакавіка наведваў адзін з рэстаранаў. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пасля сыходу «Макдональдса» з Беларусі даручыў зрабіць так, каб айчынны аналаг быў не горшы за амерыканскую сетку хуткага абслугоўвання. Праз некаторы час сетка змяніла шыльду на Mak.by, а пры прыгатаванні страў у пераважнай большасці сталі выкарыстоўваць беларускія інгрэдыенты.


Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з персаналам, які працуе ў рэстаране. У асноўным тут працуе моладзь, але некаторыя супрацоўнікі рэстарана засталіся ў сетцы «Мак.бай» пасля сыходу «Макдональдса». Прэзідэнт пацікавіўся, як памяняліся ўмовы працы ў рэстаране пад новай шыльдай. Работнікі, якія пачыналі яшчэ з «Макдональдса», прызналіся, што нават не заўважылі розніцы пасля сыходу амерыканскага брэнда.

«Гэта значыць, мы правільна зрабілі: паехалі — і едзьце (гаворка пра сыход „Макдональдса“. — Заўв. БелТА). Але вы ж засталіся, вы ўсё гэта ўмееце. Задача была адна — прывезці абсталяванне. Хоць і не ў абсталяванні справа. Задача была ўзяцца за справу і зрабіць. І ўжо больш за 96 % цалкам беларускае, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Так мы павінны рухацца. Мы павінны рабіць ухіл на сваё».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю