Top.Mail.Ru

У Магілёве ураган «апрануўся» ў норкавае футра

Нядаўняя бура нарабіла шмат бяды ў Магілёве. Але не абышлося і без кур’ёзных выпадкаў. Напярэдадні адна магіляўчанка вывесіла на балкон норкавае футра, каб абараніць дарагую рэч ад молі, і пакінула яго там да наступнага дня. А ноччу здарылася стыхія. Напэўна, прыгожае адзенне спадабалася неўтаймоўнай віхуры і яна, зламаўшы фрамугу, нахабна прыхапіла яго з сабой. Гора і адчай, якія перажыла магіляўчанка, калі выявіла страту, не ведалі мяжы. Футра ж знікла бясследна. Колькі ні шукала яго гаспадыня ў сябе пад вокнамі і нават у бліжэйшым наваколле, безвынікова. 


На аб’явы, якія яна развесіла па мікрараёне, ніхто не адгукаўся. Жанчына ад адчаю напісала яшчэ адну з абяцаннем ўзнагароджання ў 200 долараў. У параўнанні з рэальным коштам страты —1500 долараў — даволі сціплая сума. На ўдачу яна не моцна спадзявалася, але ж дзесьці ў глыбіні душы надзея тлела. І нездарма. Амаль праз тыдзень футра знайшлося. Патэлефанаваў мужчына, які паведаміў, што ўбачыў яе аб’яву і гатовы вярнуць прапажу. Калі футра апынулася ў яе руках, жанчына была на сёмым небе ад шчасця. Яна агледзела яго і пераканалася, што яе: уладальніца дарагой рэчы загадзя прадбачліва зрабіла на адзенні апазнавальныя меткі. І як не шкада было аддаваць абяцаныя грошы , але давялося... 
  • Як высветлілася, футра пераадолела адлегласць прыкладна ў тры кіламетры. Вецер, нацешыўшыся са сваёй здабычы, пакінуў яе на дрэве перад адным з прыватных катэджаў. Калі раніцай яго гаспадыня расчыніла дзверы, не паверыла вачам. Быццам нейкі шчодры паклоннік зрабіў ёй царскі падарунак. Жанчына, усё яшчэ не верачы свайму шчасцю, хуценька зняла нечаканую прыгажосць з дрэва і пабегла мераць. На жаль, прэзентабельная рэч на ёй не сышлася. А хутка на вочы трапіла аб’ява. І футра-падарожніца паспяхова вярнулася да сваёй сапраўднай гаспадыні. 
Гісторыя атрымалася з разраду наўмысна не прыдумаеш. Але жыццё часам падкідвае і не такія сцэнарыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю