Адразу працаўладкавацца
— Займацца падрыхтоўкай школьнікаў мы пачалі з 1995 года, — удакладняе загадчык аддзялення Андрэй Філіпенка. — Але не ў рамках працоўнага навучання, як цяпер, а ў якасці прафарыентацыйнай дзейнасці. Калі школа была ў гэтым зацікаўлена, вучні да нас прыходзілі і атрымлівалі працоўную спецыяльнасць. Гэта было выключна па жаданні дзяцей. Але з 2019 года «Працоўнае навучанне» — абавязковы школьны прадмет, і старшакласнікі могуць асвойваць яго або ў школе, калі там ёсць для гэтага ўмовы, або на базе нашага каледжа. Пасля заканчэння выдаецца пасведчанне з разрадам. Гэта павышае сацыяльную абароненасць маладога чалавека на рынку працы і матывуе яго на прадаўжэнне вучобы па абранай прафесіі на больш высокіх узроўнях.

Атрымаць спецыяльнасць школьнікі маюць магчымасць пры ўмове, што школа паспела адправіць заяўку на навучанне да 15 красавіка. Навучанне пачынаецца 1 верасня таго ж года. Па нарматывах на заняткі адводзіцца 6 гадзін на тыдзень. Планы ў каледжы складаюцца такім чынам, каб у школьнікаў была магчымасць на дзве гадзіны прыходзіць пасярод тыдня на тэорыю, а ў суботу — на чатыры гадзіны на практыку. Частка навучэнцаў пасля 10 класа адсейваецца — паступаюць у іншыя навучальныя ўстановы. Усяго на сёння ў каледжы набываюць прафесію 115 магілёўскіх школьнікаў 10 і 11 класаў.
— Шанц атрымаць прафесію ёсць толькі ў тых, хто заканчвае 11 класаў, — аргументуе суразмоўца. — Дзесяцікласнікі-выпускнікі абмяжоўваюцца толькі ацэнкай у атэстаце, а вось пасведчанне ўстаноўленага ўзору, дзе пазначана прафесія і разрад, можна атрымаць толькі пасля 11-га. А гэта значыць, што малады чалавек зможа адразу ж працаўладкавацца, калі ў яго не атрымаецца кудысьці паступіць.
У жыцці спатрэбіцца
Адзінаццацікласнікі праходзяць абавязковую вытворчую практыку на аб’ектах заказчыкаў каледжа або непасрэдна ва ўстанове. Тых жа тынкоўшчыкаў да 18 гадоў на будоўлю не возьмуць, яны практыкуюцца па месцы набыцця прафесіі. І выходзяць ужо атэставанымі спецыялістамі.
Для дзяўчат навучыцца шыць — наогул падарунак. Модны гардэроб забяспечаны, лічы, бясплатна. І для сямейнага жыцця — справа неабходная. Такая майстрыха зможа і пасцельную бялізну пашыць, і абрус, і фіранкі на вокны.
— Вядома, навучанне ў школе і ў нас крыху адрозніваецца, — кажа майстар вытворчага навучання Святлана Грыгор’ева, з чыёй дапамогай навучэнцы асвойваюць азы шыцця і прыгатавання ежы. — Мы больш ставімся да іх як да дарослых, адпаведна, і яны адчуваюць сябе больш адказнымі. Па заканчэнні выдаецца пасведчанне швачкі 2 разраду.
Майстар расказвае, што школьніцы ўжо загарэліся жаданнем пашыць сабе да лета модныя спадніцы. А ў тых, хто марыць летам крыху падзарабіць, ёсць магчымасць папрацаваць на «Магатэксе». Некаторыя летась зараблялі там і па тысячы рублёў за месяц.
Швейнае абсталяванне, дарэчы, у каледжы адно з самых перадавых. Адчуваецца, што тут ужо паўстагоддзя куюць кадры для лёгкай прамысловасці. Па словах Андрэя Філіпенкі, аўдыторыя аснашчана за кошт самой установы і бюджэтных сродкаў. Каледж займаецца пашывам пасцельнай бялізны, а таксама робіць тэкстыльную аснову для патрэб ААТ «Магатэкс». На гэтым і зарабляе. У рамках працоўнага навучання для школьнікаў спецыяльнасці ткача няма, толькі для тых, хто выбраў гэтую спецыяльнасць пасля школы. Ткацкая майстэрня ўражвае памерамі. Гэта сапраўдны вытворчы цэх. І абсталяванне тут заводскае. Праўда, савецкіх часоў. Але яно спраўна працуе, і прынцып работы на ім такі ж, як і на сучасных станках.
Стаўка на практыку
Для тых, хто да 10 класа так і не змог вызначыцца з прафесіяй, на сайце каледжа ёсць добрая падказка. Тут прапануюць прайсці прафтэст, каб ацаніць свае прафесійныя схільнасці і перавагі, даведацца пра патаемныя таленты і намеціць будучы прафесійна-адукацыйны маршрут.

Для засваення абраных прафесій у каледжы існуе 8 вучэбна-вытворчых майстэрняў. У распараджэнні навучэнцаў — бібліятэка, спартыўныя і трэнажорныя залы. Болей чым 66 % выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, карыстаюцца ў адукацыйным працэсе сучаснымі тэхналогіямі навучання. Тыя маладыя людзі, якія паступаюць у каледж пасля школы, маюць магчымасць праявіць сябе ў конкурсах прафесійнага майстэрства Profskіlls Belarus. Летась, напрыклад, у кампетэнцыі «Абліцоўванне пліткай» навучэнец Дзмітрый Зуеў заняў другое месца на абласным этапе.
— Вельмі важна, калі чалавек на раннім этапе жыцця ўжо мае працоўную спецыяльнасць, — рэзюмуе Андрэй Філіпенка. — Нават тады, калі атрыманая тут прафесія і не стане яго пастаянным заняткам, навыкі абавязкова спатрэбяцца. Акрамя таго, у навучэнца з’яўляецца разуменне, што такое працоўная дысцыпліна, што гэта перш за ўсё адказнасць, а не ваганне «хачу / не хачу». Ёсць слова «трэба», і гэта вельмі сур’ёзна. Усім, хто прыходзіць у каледж, мы гаворым: вы ўжо не проста навучэнцы, вы — працоўныя рэзервы нашай краіны. І гэта дысцыплінуе.
Нэлі ЗІГУЛЯ
фота аўтара