Аб’ект узводзілі па ўказе Прэзідэнта № 442 «Аб будаўніцтве і рэканструкцыі малочна-таварных ферм». Ён уяўляе сабой сучасны малочна-таварны комплекс на два кароўніка. На МТК таксама пабудаваны даільна-малочны блок, памяшканне для сухастойных кароў, радзільнае аддзяленне, прафілакторый для цялят, сянажныя траншэі і водазабор. На прылеглай тэрыторыі правялі добраўпарадкаванне.
Цяпер абноўлены МТК сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Доўжа-Агра» ААТ «БелВітуніфарм» разлічаны на 776 галоў дойнага статку, на новай ферме будуць працаваць 15 чалавек. Па словах старшыні Лёзненскага райвыканкама Івана Фёдарава, аб’ект быў рэканструяваны за кароткі тэрмін — 15 месяцаў. Цяпер сельскагаспадарчае прадпрыемства зможа падвоіць вытворчасць малака, штодзень тут будуць атрымліваць каля 15 тон, а калі пастарацца — ўсе 20.
«Віцебская вобласць асабліва мае патрэбу ў сучасных комплексах, дзе можна дасканала выконваць тэхналогію атрымання якаснага малака. За мінулы год мы павінны былі здаць 10 МТК, яны ўсе падпісаныя. Сёлета пачынаем яшчэ 10 комплексаў будаваць. Яны таксама будуць узведзены па такой жа тэхналогіі. У цэлым была распрацавана стратэгія пабудаваць 131 комплекс на тэрыторыі ўсёй вобласці. На гэту стратэгію запланавана некалькі гадоў, у сярэднім у год будуць узводзіцца 10-15 комплексаў. Але самае галоўнае, як сказалі будаўнікі падчас здачы аб’екта: мы сваё слова сказалі, цяпер слова за аграрыямі. У гэтых выдатных умовах зараз трэба атрымліваць высакаякаснае малако», — сказаў на адкрыцці аб’екта старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, падзякаваўшы будаўнікам за якасна выкананую працу.
Генеральны дырэктар ААТ «БелВітуніфарм» Ілья Дароўскіх адзначыў, што сучасны комплекс быў вялікай неабходнасцю. Ён дазволіць сканцэнтраваць у адным месцы пагалоўе, якое раней знаходзілася на састарэлых фермах. Тут плануецца стварыць племянное ядро высокапрадуктыўных кароў, а гэта адаб’ецца на ўзроўні вытворчасці малака. Немалаважным фактарам з’яўляецца тое, што значна палепшыліся працоўныя ўмовы для работнікаў.
Фота БелТА