Top.Mail.Ru

У лясгасах Брэсцкай вобласці падкормліваюць дзікіх жывёл у снежныя і марозныя дні. Што ў меню?

Лясгасы Брэсцкай вобласці ў снежныя і марозныя дні арганізавалі падкормку дзікіх жывёл на спецыяльных пляцоўках, паведаміў вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання (ДВЛГА) Ігар Арцюшчык, перадае БелТА.



У такія халодныя дні дзікія жывёлы маюць патрэбу ў падтрымцы, і для іх у лясгасах арганізаваны спецыяльныя падкормачныя пляцоўкі. «Жывёлы ў любым выпадку аддаюць перавагу натуральнаму корму, яны адчуваюць сябе больш абароненымі. Шукаюць жалуды, выходзяць на палі. Калі зямлю замяло снегам і ўтварыліся намёты, у маразы жывёлы пачынаюць больш інтэнсіўна наведваць падкормачныя пляцоўкі», — заўважыў Ігар Арцюшчык.

Размешчаны «лясныя сталовыя» на адных і тых жа месцах, куды, не баючыся, могуць прыйсці жывёлы. Работнікі лясгасаў, зыходзячы з магчымасцяў, робяць запасы сена, зерня, караняплодаў (буракоў, морквы, капусты, бульбы), клапоцяцца аб збалансаваным рацыёне. Саланцы, дарэчы, устаноўлены круглы год, каб лясныя насельнікі атрымлівалі неабходныя мінеральныя элементы.

«На падкормачныя пляцоўкі прыходзяць не толькі алені і казулі, але і іншыя жывёлы. Ласі ў асноўным прыходзяць на саланцы. Яны па большай частцы карыстаюцца галінкавым кормам, ён заўсёды даступны. Ласі дзякуючы сваім доўгім нагам могуць сабе яго забяспечыць», — растлумачыў вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Брэсцкага ДВЛГА. У цэлым па падліках у лясах Брэсцкай вобласці жыве каля 5,4 тыс. ласёў, больш за 21 тыс. казуль, амаль 11 тыс. высакародных аленяў.


Работнікі лясгасаў паўднёва-заходняга рэгіёна не пакідаюць без клопату і птушак. Напрыклад, з-за змен клімату зменшыліся месцы пражывання качак, для іх ствараюць штучныя гнездзішчы. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю