З дзіцінства ў нас закладзена думка пра тое, што ў пераднавагодні час магчымыя цуды, таму ёсць імкненне стварыць іх найперш для малых. Цікаўныя бацькі ведаюць: каб у дзіцяці было сапраўднае адчуванне казкі, трэба звярнуцца па дапамогу да прафесіянальных чараўнікоў. І тут адкрываюцца дзіўныя магчымасці. Таму што амаль усе тэатры Беларусі ў святочна-калядны час запрашаюць на прэм’еры навагодніх казак.
У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек напрыканцы года прапанавалі падарожжа «За снежнай каралевай» для малых ад шасці гадоў. Вялікі казачнік Ханс Крысціян Андэрсэн, яго гісторыя з вечным і вельмі чалавечым сюжэтам, дзе перамагае дабро, здавалая б не для самых маленькіх. Але ж як паказаць... І гэта першае чараўніцтва.
На малой сцэне тэатра атмасфера камерная, нават больш сямейная. Адлегласць паміж гледачамі і сцэнічнай пляцоўкай як такая адсутнічае, дзеткі могуць сядзець на лаўках побач з дарослымі, альбо распалагацца ўнізе на мягкіх падушках-каменчыках — і тады яны фактычна прысутнічаюць у казцы. У іх перад самымі вачыма адкрываецца чароўны свет. Адкрываецца кніга казкай Андэрсэна. «Чытайце!» — прапануюць артысты. Імгненне паўзы — і казку пачынаюць распавядаць, ілюструючы раскрытымі старонкамі кнігі. З іх паўстаюць горад (у голас можна называць варыянты!), дамы Кая і Герды, дрэвы і кветкі, рэчка, замак, лес з разбойнікамі, снежнае каралеўства...
Ёсць такія кніжкі-раскладушки, калі старонкі прарэзанай паперы складваюцца ў вобразы, якія набываюць форму, — малым цікава яе гартаць і даведвацца пра герояў. А калі гэтая кніга вялікая? Яе з цяжкасцю кладуць на ўмоўны стол пад лямпамі. А ў спектаклі яна яшчэ і падзелена на тры тамы... Уявіце колькасць вобразаў, што вырастаюць з паперы — пра кожны паклапацілася мастак-пастаноўшчык Вольга Дваравая. Выявы па стылістыцы падобныя на «казачна-мульцяшныя», персанажы мілыя, прыцягальныя, нават злая каралева падаецца прыгожай паненкай. А вось тое, як папяровыя выявы і фігуркі ўзаемадзейнічаюць, у спектаклі, трэба бачыць на свае вочы. Імі кіруюць маладыя акцёры — Алякандра Лакуціна і Багдан Карташоў, — яны ж удваіх агучваюць усіх герояў, і мы нібыта чуем розныя галасы, казка-кніжка сапраўды ажывае. І чамусьці няма сумневу ў тым, што пасля дзеці захочуць пачытаць штосьці самі — дугі цуд, закладзены спектаклем.
Калі знаёмства з казкай адбылося, то застаецца пытанне: а чаму ж толькі адзін персанаж набыў аблічча не папяровай, а рэальнай лялькі — таямнічы троль? Ён скокае па кнізе і распавядае, як стварыў чароўнае люстра, якое разбілася, а яго рэшткі трапілі ў сэрца і вока Кая. Падобна, пытанне больш цікавіла дарослых, а малыя зразумелі: гэта быццам бы іншая казка…
І сапраўды, «За снежнай каралевай» — другі спектакль галоўнага рэжысёра тэатра Яўгена Карняга паводле Андэрсэна ў 2024-м годзе, першай была пастаноўка для дарослых. Але ж разумець гэтага казачніка трэба вучыцца з маленства і не забываць цягам жыцця: гэта пра цуды любові, якая так усім патрэбна.
Кожнае дзіця ў гэты час мае найгалоўнае жаданне: каб мама з татам былі побач. А тэатры — чараўнікі, якія дапамагаюць яго здзейсніць праз спектаклі для сямейнага прагляду. Таму што малое так ці інакш возьме з сабой кагосьці з дарослых. І вось цуд галоўны: паспрабуйце здабыць квіткі на паказы святочных казак на бліжэйшыя тыдзень-два! Гэта нерэальна. Але радасна, што нашы тэатры ідуць насустрач дзецям і іх бацькам — ладзяць на дзень па некалькі паказаў казак, прычым, з перадсвяточнымі прадстаўленнямі ля ялінкі.
Фота аўтара