Top.Mail.Ru
234

У Літве расце колькасць выпадкаў працоўнай эксплуатацыі, сярод пацярпелых ёсць беларусы

У Літве заявілі аб трывожнай тэндэнцыі: імкліва расце колькасць выпадкаў працоўнай эксплуатацыі мігрантаў, сярод найбольш пацярпелых — грамадзяне Беларусі і Украіны, паведамляяе БелТА.


Генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскенэ пацвердзіла, што колькасць дасудовых раследаванняў па такіх справах павялічваецца. Пры гэтым некаторыя адвакаты сцвярджаюць, што выпадкі працоўнай эксплуатацыі ў Літве могуць вылічацца дзясяткамі тысяч.

Часцей за ўсё пад эксплуатацыю трапляюць украінцы і беларусы

У Дзяржаўнай інспекцыі працы Літвы заявілі, што эксплуатуюцца выхадцы з розных краін, часцей за ўсё — грамадзяне Украіны і Беларусі, а таксама Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана і Малдовы. 

Інспекцыя звяртае ўвагу на рост колькасці парушэнняў правілаў працаўладкавання замежнікаў, нягледзячы на агульнае скарачэнне выпадкаў нелегальнай працы грамадзян з іншых краін. Так, у параўнанні з 2021 годам колькасць замежных работнікаў, нанятых з парушэннем заканадаўства, узрасла практычна ў пяць разоў.

Большую частку замежнікаў, якія нелегальна працавалі ў Літве ў 2024 годзе, складалі ўкраінцы (35 %). На другім месцы (25 %) былі грамадзяне Беларусі. Акрамя таго, усё часцей фіксуюцца выпадкі нелегальнай працоўнай дзейнасці ўраджэнцаў Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана і Малдовы (у сукупнасці 44 % у 2024 годзе).

Самая вялікая колькасць парушэнняў працоўнага заканадаўства зафіксавана ў будаўнічай галіне (38 %) і сферы транспарту (15 %).

Узрасла і колькасць зваротаў у камісіі па працоўных спрэчках. З 2021 года колькасць скаргаў, пададзеных замежнымі грамадзянамі, павялічылася ў 4,3 раза. Усяго летась было зарэгістравана звыш 2,2 тыс. зваротаў. Больш за ўсё іх паступае ад беларусаў і ўкраінцаў, аднак назіраецца рост заяў і ад грамадзян краін Цэнтральнай Азіі.

Найбольшая доля працоўных спрэчак з удзелам замежных грамадзян прыпадае на транспартную (65 %) і будаўнічую (8 %) галіны. Асноўная частка патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў заявах замежных грамадзян, звязана з выплатай заработнай платы і іншых сум, што вынікаюць з працоўных адносін. Такія патрабаванні складаюць каля 85 % усіх зваротаў.

Праваабаронцы пацвярджаюць: ахвярамі эксплуатацыі часцей за ўсё становяцца мігранты, якія жадаюць працаваць у транспартнай сферы. У зону рызыкі трапляюць выхадцы з Узбекістана, Украіны, Таджыкістана, Кыргызстана, Расіі і Беларусі. Адвакат Гірус Івошка паказвае, што звычайна з працоўнымі пытаннямі звяртаюцца рускамоўныя мігранты з розных краін.

Паводле яго слоў, часцей за ўсё спрэчныя справы звязаныя непасрэдна з аплатай працы, калі работадаўца няправільна разлічвае зарплату па адпрацаваным часе. Напрыклад, выплаты ў першыя месяцы ажыццяўляюцца ў поўным аб’ёме і без затрымак, аднак пасля кампанія сутыкаецца з фінансавымі цяжкасцямі і зарплата аказваецца значна ніжэйшай за чаканую. У транспартнай сферы, у прыватнасці, могуць няправільна выплаціць камандзіровачныя.

Работадаўцы карыстаюцца няведаннем літоўскага заканадаўства

Юрыст у галіне працоўнага права Алена Тарасава дзеліцца, што неаднаразова сутыкалася са скаргамі кіроўцаў і рабочых з Украіны, Расіі і Беларусі, якія ўладкаваліся на працу ў Літве. Яна расказвае, што вельмі шмат людзей звярталіся да яе са скаргамі на тое, што работадаўцы карыстаюцца іх няведаннем літоўскага заканадаўства.

Паводле яе слоў, некаторыя работадаўцы злоўжываюць тым, што замежныя работнікі часцяком не ведаюць сваіх правоў, у выніку чаго апошнія страчваюць частку зарплаты і сацыяльныя гарантыі.

Асобная ўвага звяртаецца на моўны бар’ер. Па заканадаўстве работадаўца павінен прадастаўляць патэнцыяльнаму супрацоўніку інфармацыю аб умовах працы на зразумелай таму мове, але на практыцы дакументы нярэдка перакладаюцца толькі вусна, у выглядзе кароткага агляду, а паўнавартаснай пісьмовай формы няма. У выніку пазней паміж працаўніком і работадаўцам узнікаюць непаразуменні і спрэчкі.

Юрыст рэкамендуе ніколі не падпісваць дакументы, у якіх вам нешта незразумела. 

«Харчаваліся толькі хлебам і вадой, каб хоць неяк выжыць»

Старшыня Кыргызскай дыяспары ў Літве Белек Айдараў адзначае, што заканадаўства абмяжоўвае мігрантаў, якія вымушаны адчуваць сябе «як у клетцы», а «работадаўцы адчуваюць сябе каралямі». Паводле яго слоў, людзям абяцаюць залатыя горы, а на справе столькі не плацяць ці кажуць: працуйце да абеду, а потым дадому, і пакідаюць без працы. Айдараў паказвае, што гэта датычыцца не толькі кіроўцаў, але і людзей, якія працуюць у рэстаранах, будаўнічых кампаніях.

Ён прыводзіць у прыклад будаўнікоў, выхадцаў з Кыргызстана, якія ў Літве месяцамі чакалі заробак. «Я ведаю гэтых хлопцаў асабіста - цярплівыя, спакойныя людзі, але яны аказаліся літаральна без кавалка хлеба. Казалі, што харчаваліся толькі хлебам і вадой, каб хоць неяк выжыць», — падзяліўся ён. Айдараў дадаў, што, калі тыя звярнуліся ў інспекцыю, адчулі, што правяраючыя хутчэй на баку работадаўцы. У выніку будаўнікам паабяцалі выплаціць заробак часткамі, але так і не выплацілі, а кампанія абвясціла банкруцтва.

На думку старшыні Кыргызскай дыяспары, праблема выходзіць за межы эканомікі. Ён падкрэслівае, што сама дыяспара імкнецца збліжаць людзей, удзельнічае ў культурных праектах, арганізуе розныя мерапрыемствы, але пры гэтым ствараецца ўражанне, што хтосьці, наадварот, спецыяльна правакуе варожасць.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю