Top.Mail.Ru
263

У магазінах буйных гандлёвых сетак будзе больш тавараў беларускага легпрама

Пашырэнне ўзаемадзеяння айчынных вытворцаў тавараў лёгкай прамысловасці і буйных гандлёвых сетак разгледзелі на нарадзе ў канцэрне «Беллегпрам», паведаміла БелТА.


На сустрэчы абмеркавалі, як павялічыць прадстаўленасць беларускай прадукцыі на паліцах. У краіне суб’екты рознічнага гандлю абавязаны забяспечыць наяўнасць такіх тавараў у продажы. Асартыментны пералік зацверджаны пастановай МАРГ ад 19 лістапада 2020 года № 74 і распаўсюджваецца на ўсе гандлёвыя аб’екты, за выключэннем брэндавых і фірменных. На практыцы не ўсе выконваюць устаноўленыя патрабаванні. Маюць месца выпадкі, калі аддаецца перавага таварам з іншых краін. Ёсць пытанні і да выкладкі (напрыклад, прапануецца ніжні ўзровень стэлажоў).

Як адзначыла старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея Лазарэвіч, насычэнне рынку беларускімі таварамі — актуальная тэма. Прааналізавана работа за дзевяць месяцаў. «Бачым, што прадукцыя, якая вырабляецца на такіх прадпрыемствах, як Баранавіцкае ВБА, Аршанскі льнокамбінат, „Магатэкс“, „Стужка“ і многіх іншых, на паліцах магазінаў найбуйнейшых сетак „Еўраопт“, „Санта“ і „Суседзі“ займае ўсяго 0,2 % агульнага аб’ёму паставак. Гэта зусім недастаткова. Трэба выпрацоўваць комплексныя меры і размаўляць з кіраўнікамі дадзеных сетак», — адзначыла Надзея Лазарэвіч.

У прыклад яна прывяла Баранавіцкае ВБА і Аршанскі льнокамбінат, якія за студзень — верасень паставілі адной з найбуйнейшых сетак, дзе налічваецца больш за 1,1 тыс. магазінаў, тавараў усяго на Br70 тыс. А ў месяц два прадпрыемствы выпускаюць прадукцыі на суму звыш Br8 млн. 

Па словах Надзеі Лазарэвіч, неабходна цеснае ўзаемадзеянне, каб вызначыць асартымент, цэнавую палітыку. «Упэўнена, адзін аднаго пачуем. Важна дамовіцца аб канкрэтных планах паставак на астатнюю частку года і падрыхтаваць прапановы па загрузцы прадпрыемстваў, развіцці паставак на 2026 год», — сказала Надзея Лазарэвіч. 

У сустрэчы таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі сталічных універмагаў. Яны паказваюць добры прыклад супрацоўніцтва. «Можам прапанаваць і гнуткія схемы паставак, і адтэрміноўкі плацяжоў», — патлумачыла старшыня канцэрна.

У канцэрне разумеюць, што ўнівермагі і гандлёвыя сеткі адрозніваюцца па сваім фармаце, магчымасцях. Але патэнцыял для сумеснай работы значны. У першую чаргу Надзея Лазарэвіч вылучыла такія групы тавараў, як посуд Добрушскага фарфоравага завода (цяпер ён не прадстаўлены ў гандлёвых сетках), ручнікі, пледы. 

Кіраўнік канцэрна расказала, што «Беллегпрам» мае намер ініцыяваць унясенне змяненняў у пастанову № 74, каб у магазінах плошчай больш за 500 кв. м з’явілася асобная паліца з таварамі лёгкай прамысловасці беларускай вытворчасці.

У сваю чаргу прадпрыемствы не стаяць на месцы, укараняюць новыя тэхналогіі, пашыраюць лінейкі новых вырабаў. «Без мадэрнізацыі нам і далей будзе цяжка канкурыраваць. Гэта таксама пытанне нумар адзін, яго адпрацоўваем комплексна з усімі рэгіёнамі», — сказала Надзея Лазарэвіч.

Яна падкрэсліла, што ёсць магчымасць для ўмацавання пазіцый на рынку. «Трэба рэагаваць хутчэй і быць больш канкурэнтаздольнымі», — дадала старшыня «Беллегпрама».

Генеральны дырэктар ААТ «ЦУМ Мінск» Аляксей Сокал адзначыў, што ва ўнівермагах прадстаўлены шырокі асартымент айчынных тавараў. «Ёсць прадпрыемствы, якія паскоранымі тэмпамі мадэрнізуюцца, паляпшаюць сваю прадукцыю пад запыты спажыўцоў. Нашы партнёры нас чуюць», — адзначыў Аляксей Сокал, дадаўшы, што важна захоўваць давер пакупнікоў праз якасць, сэрвіс і даступнасць цэн.

Ён упэўнены, што сумесныя намаганні дапамогуць павялічыць долю беларускіх тавараў на рынку. Эфектыўна, на яго думку, прыцягненне кансультантаў, якія падкажуць, што выбраць з прапанаванага асартыменту. «Зрухі за апошнія гады сур’ёзныя. Але і канкурэнцыя шалёная, у тым ліку з боку маркетплэйсаў», — звярнуў увагу Аляксей Сокал.

Па выніках нарады будуць падрыхтаваны прапановы па павелічэнні долі продажаў айчынных тавараў лёгкай прамысловасці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю