Top.Mail.Ru
146

У кожным раёне Беларусі ў дзіцячых садках хутка з'явяцца групы для выхаванцаў ва ўзросце да двух гадоў

Дзіця — у яслі, мама — на працу

Вялікае шчасце нарадзіць дзіця, але яго выхаванне многія сучасныя жанчыны хочуць сумяшчаць з магчымасцю працягваць кар'еру, расці прафесійна. І ў гэтым дзяржава гатова ім дапамагаць.

Групы для зусім маленькіх дзяцей, ва ўзросце да двух гадоў, з’явіліся ў нас не сёння і нават не ўчора, — гаворыць намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна ДАВІДОВІЧ:

— Такія групы ў нас былі заўсёды. Толькі на пачатак бягучага навучальнага года ў Беларусі іх функцыянавала 326. У пачатку 2026-га колькасць такіх груп павялічылася да 335, іх наведвалі 3500 выхаванцаў. Сёння ва ўсіх рэгіёнах краіны мы бачым рэальную патрэбу ў групах для дзяцей да двух гадоў. І ўжо ў канцы лютага — пачатку сакавіка каля 115 новых груп для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак адкрыюцца ў дзіцячых садках краіны. Плануецца прыняць у іх каля тысячы дзяцей. Але і на гэтым мы не спыняемся — у кожным раёне будзе разгледжана патрэба ў месцах для дзяцей гэтай узроставай катэгорыі. Групы будуць адкрывацца і ў жніўні, і з новага навучальнага года.

Як альтэрнатыву ў Міністэрстве адукацыі разглядаюць варыянт забеспячэння месцамі ў дзеючай сетцы, напрыклад у рознаўзроставых групах. На думку спецыялістаў, гэта больш падыходзіць для сельскай мясцовасці.

Ёсць альтэрнатыўныя варыянты і для мам, якія хочуць сумясціць працу з выхаваннем дзіцяці, — напрыклад, кароткачасовае яго знаходжанне ў дзіцячым садку — ад 3 да 7 гадзін.

Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь па адукацыі, у краіне магчыма адкрыццё груп для дзяцей да аднаго года, ад года да двух і трох гадоў, з трох да чатырох, з чатырох да пяці, з пяці да сямі гадоў, а таксама рознаўзроставых груп.

— Акрамя сваёй асноўнай, выхаваўчай, функцыі, гэтыя групы могуць аказваць паслугі аздараўлення ў так званых санаторных групах. І ва ўстановах дашкольнай адукацыі цяпер гэта ўжо актыўна практыкуецца. У іх таксама шмат груп інтэграванага навучання і выхавання, дзе адукацыйны працэс закранае дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ёсць і спецыяльныя групы, — адзначае Альбіна Давідовіч.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю