Мясцовы хлеб у гарпасёлку выпякалі да 2018 года, пасля вытворчасць была прыпынена. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі пякарню аднавілі ў кароткі тэрмін, урачыстае адкрыццё значнага аб’екта адбылося напярэдадні выбараў.
Памяшканне былой пякарні перадалі ТАА «Мілккап Старт», якое, як расказаў яго дырэктар Сяргей Сарагавец, за свае сродкі правяло рамонт і закупіла новае абсталяванне, выдаткаваўшы на гэта каля 500 тысяч рублёў. Дарэчы, менавіта гэта арганізацыя адрадзіла ў Копысі і вытворчасць сыроў.
Апроч іншага, хлебапякарня стварыла новыя працоўныя месцы. Пераважная частка калектыву — жыхары гарпасёлка, некаторыя працавалі і ў старой пякарні. Цяпер майстры хлебнай справы адраджаюць тут рэцэпты савецкай класікі і беларускія народныя традыцыі. Мясцовым пакупнікам і жыхарам найбліжэйшых населеных пунктаў у «Сваёй пякарні» прапануюць хлябы «Александрыйскі», «Вясковы з кменам», «Цёмны заварны», батон «Духмяны», пірог «Макавы», розныя смачныя булачкі і шэраг іншых найменняў.
«Магчыма, у маштабах краіны гэта не вельмі вялікі аб’ект, але для Копысі і для ўсёй Аршаншчыны ён знакавы. Дзякуючы неабыякавым грамадзянам — тым, хто ініцыяваў і прасіў, каб пякарня адрадзілася, тым, хто рэканструяваў яе, нягледзячы на розныя цяжкасці, — удалося аднавіць гэты аб’ект, дзе выкарыстоўваюць унікальныя рэцэпты хлебапячэння. Усіх са святам, усім смачнага хлеба, і хай ён будзе заўсёды ў вас і ў нас на стале!» — сказаў на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Таксама на адкрыцці пякарні мясцоваму храму ў дар ад Прэзідэнта перадалі абраз. А пасля ў новы для гарпасёлка гандлёвы аб’ект выбудавалася вялікая чарга ахвотных адчуць смак дзяцінства. Галоўнае, пагаджаліся жыхары Копысі, што ў нас ёсць хлеб. А будзе хлеб — будзе і да хлеба.
Фота: БелТА