У апошнія гады ў Кітаі імкліва развіваецца новы фармат відэакантэнту — міні-серыялы для мабільных прылад з вертыкальнай арыентацыяй экрана, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Паводле Белай кнігі індустрыі міні-серыялаў Кітая 2024 года, апублікаванай Асацыяцыяй службаў сеткавага вяшчання КНР, аб’ём рынку гэтага сегмента ў мінулым годзе перавысіў 50 мільярдаў юаняў. Галоўнае адрозненне міні-серыялаў ад традыцыйных — хуткасць вытворчасці. Кітайскі рэжысёр Ван Ху ў мінулым годзе паспеў зняць больш за дзесяць міні-серыялаў. Паводле яго слоў, здымкі звычайнага серыяла займаюць некалькі месяцаў, у той час як міні-серыял з некалькіх дзясяткаў эпізодаў можа быць створаны ўсяго за тыдзень. Ён дадаў, што бюджэт вытворчасці аднаго міні-серыяла складае некалькі соцень тысяч юаняў.
За мінулы год кінагорад Хэндзянь (правінцыя Чжэцзян, Паўднёва-Усходні Кітай) прыняў звыш тысячы здымачных груп міні-серыялаў. Асабліва адметны поспех кітайскіх міні-серыялаў за мяжой. У Белай кнізе адзначаецца, што кітайскія дадаткі займаюць першыя тры месцы па колькасці загрузак у катэгорыі міні-серыялаў на міжнародным рынку. Кітайская платформа DreameShort, арыентаваная на рынкі Паўночнай Амерыкі, Японіі, Карэі і Еўропы, паведамляе пра больш за 6 мільёнаў загрузак за год і штомесячнай аўдыторыі звыш 1 млн. карыстальнікаў.
Папулярнасць міні-серыялаў, як лічыць рэжысёр Ван Цзюшу, тлумачыцца іх адпаведнасцю сучаснаму рытму жыцця гледачоў. Кароткія эпізоды можна глядзець у вольны час, а дынамічны сюжэт утрымлівае ўвагу аўдыторыі.
Павышэнне якасці міні-серыялаў таксама садзейнічае росту іх папулярнасці. У чэрвені 2024 года Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне па справах радыё і тэлебачання Кітая выпусціла апавяшчэнне аб далейшым развіцці індустрыі міні-серыялаў, усталяваўшы сістэму шматузроўневай праверкі кантэнту. Гэта садзейнічае паляпшэнню якасці вытворчасці. Акрамя таго, многія рэгіёны Кітая, уключаючы Пекін і правінцыю Шэньсі (Паўночна-Заходні Кітай), нацэліліся на рынак міні-серыялаў, укараніўшы шэраг мер падтрымкі развіцця гэтай індустрыі.
Кадры і тэхналогіі — два ключавыя фактары, якія будуць уплываць на будучае развіццё кітайскіх міні-серыялаў, так лічыць Го Шу, генеральны дырэктар міжнароднага аддзела кінагарада Хэндзянь. Яна адзначыла, што сёлета Міжнародны альянс міні-серыялаў Хэндзянь плануе запусціць спецыялізаваную праграму інкубацыі талентаў, якая прадастаўляе падтрымку пачынаючым спецыялістам у такіх галінах, як творчае кіраўніцтва, тэхнічнае навучанне і доступ да рэсурсаў. Прадпрымальніца падкрэсліла, што для паспяховага развіцця галіны неабходна далейшае ўкараненне штучнага інтэлекту і іншых новых тэхналогій у працэсы стварэння кантэнту.