Ва ўсіх кінатэатрах краіны адбудзецца прэм’ера дылогіі «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі». Фільмы будуць паказаны ў рамках рэспубліканскай акцыі «Гэта павінен бачыць кожны беларус». У іншых краінах (Расіі, Кітаі, В’етнаме, Сербіі, Калумбіі, Турцыі, Таджыкістане, Аргенціне, ЗША) гэтыя стужкі дэманструюцца ў рамках акцыі «Памятаць. Помнить. Remember». Першымі гледачамі дылогіі сталі журналісты, якіх запрасілі на прэс-паказ у сталічны кінатэатр «Перамога».
Перад паказам выступіў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед, і гэта невыпадкова, бо дылогія знятая па ініцыятыве менавіта Генпракуратуры. Ён нагадаў, што нідзе не было такіх маштабаў трагедыі, як на тэрыторыі БССР, і таму нам вельмі важна, ведаючы гісторыю, разумець, што стаіць за сучаснымі падзеямі. «80 гадоў таму нашы з вамі продкі выстаялі ў жудаснай вайне. І наша з вамі задача, наш святы абавязак захаваць памяць аб іх подзвігу, аб тых пакутах, якія ім выпалі. Мы павінны гэта памятаць і перадаць нашым нашчадкам, каб нашы з вамі дзеці, унукі ведалі праўду аб тых жахлівых падзеях і аб тым вялікім подзвігу», — сказаў Андрэй Швед.
- Дырэктар студыі дакументальнага кіно «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Мілаш перакананы, што гэту дылогію павінен паглядзець кожны: «Гэтыя два фільмы (іх хранаметраж — па 39 хвілін кожная карціна) аб’яднаны адной агульнай тэмай — генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адзін распавядае пра тыя лагеры смерці, якія былі створаны на нашай тэрыторыі фашысцкімі акупантамі, каб знішчаць мірнае насельніцтва, другі — прысвечаны трагічнаму лёсу людзей, якіх разам з іх паселішчамі часта спальвалі жывымі... Гэтыя фільмы павінны падвесці пэўную рысу пад расследаваннем, якое было распачата Генеральнай пракуратурай у 2021 годзе і якое дагэтуль працягваецца. З’яўляюцца новыя звесткі і, магчыма, калісьці будзе створаны яшчэ фільм, паводле ўжо новых даных».
Здымачная група працавала ў шчыльным кантакце з Генеральнай пракуратурай. Каб стварыць па-сапраўднаму праўдзівае кіно, давялося пабываць у Азарычах, Трасцянцы, Красным Беразе, Дамачава... «Гэта няпростая тэма... Але пра гэта было важна распавесці, — лічыць Уладзімір Мілаш. — Мы таксама выкарыстоўвалі архіўныя кадры. Больш за ўсё мяне асабіста ўразілі трафейныя нямецкія здымкі, дзе забойствы адлюстраваны неверагодна жорстка. Нават цяжка ўявіць, што гэта рабілі людзі, бо, здавалася, што дзяцей, старых, жанчын забівалі звяры...
Аднак даводзіцца прызнаць, паколькі ўсё задакументавана, што такая бесчалавечнасць існавала. І дзякуючы нашым новым фільмам мы нагадаем пра яе, пра тыя чалавечыя страты, якія панесла Беларусь. Важна не забываць, што такое вайна, каб яна ніколі не паўтарылася».
Гэтая дылогія — апошняя работа вядомага беларускага рэжысёра Аляксандра Анісімава, які, на жаль, не дажыў да прэм’еры, як і аўтар сцэнарыя Артур Зельскі, былы дырэктар Мемарыяльнага комплекса «Хатынь»... На фінальным этапе гэты праект, які ствараўся два гады, падхапіў рэжысёр Уладзімір Луцкі, які таксама ўжо меў дачыненне да сцэнарыя гэтай дылогіі.
Намеснік начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннямі асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры Сяргей Шыкунец (ён прымаў непасрэдны ўдзел у здымках фільмаў) згадаў, што расследаванне па факце генацыду беларускага народа, якое распачалося па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі, працягваецца ўжо больш за чатыры гады. Яго галоўная выснова: маштаб трагедыі яшчэ большы, чым лічылася раней. Павялічылася колькасць знішчаных вёсак. У ходзе расследавання ўстаноўлена больш за 3 тысячы раней невядомых нам месцаў знішчэння людзей і звыш 100 невядомых лагераў смерці, дзясяткі невядомых раней карных аперацый.
«Аднаго расследавання недастаткова, бо на перыметры нашай краіны вядзецца актыўная работа па перапісванні гісторыі, робяцца спробы гераізацыі нацызму, — гаворыць Сяргей Шыкунец. — Паўстае вострае пытанне па выкарыстанні вынікаў расследавання ў тым ліку ў інфармацыйнай сферы дзейнасці нашай дзяржавы. Менавіта таму па нашай ініцыятыве і было прынята рашэнне ад стварэнні сумесна з Нацыянальнай кінастудыяй „Беларусьфільм“ асобных фільмаў, прысвечаных тэме генацыду беларускага народа. У лагерах смерці мірныя грамадзяне штодзень падвяргаліся татальнаму знішчэнню. Нацысты і іх памагатыя знішчалі населеныя пункты разам з іх жыхарамі... Таму наша задача — перадаць аб’ектыўную праўду аб тых трагічных гісторыях, якія цяпер спрабуюць перапісаць».
У здымках дылогіі браў удзел і старшы навуковы супрацоўнік цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валерый Надтачаеў.
«На жаль, чалавечай памяці ўласціва забываць. А мы гаворым не аб памяці аднаго чалавека, бо той, хто быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, перажыў яе ў дзяцінстве на акупаванай тэрыторыі, пра гэта ніколі не забудзе. А іх дзеці будуць ведаць пра гэтыя жахі з іх слоў, — перакананы гісторык. — Аднак праходзіць час — і ўжо праз пакаленні людзі пачынаюць менш гаварыць пра гэта, успаміны знікаюць разам са сведкамі, удзельнікамі ваеннага ліхалецця... Таму нам так важна нагадваць пра Вялікую Айчынную вайну. Яна каардынальна адрознівалася ад іншых войнаў, бо ўпершыню была пастаўлена мэта татальнага знішчэння насельніцтва. Згодна з планам „Ост“, 75 % фашысты хацелі знішчыць, а 25 % анямечыць. Адных носьбітаў памяці забівалі, іншых перафармаціравалі, перакадзіравалі і іх дзецям можна было б расказваць любыя небыліцы пра нашу тэрыторыю... Нездарма нацысты прыдумалі тэрмін „недачалавек“ („Untermensch“), а яшчэ называлі партызан бандытамі, хоць самі захапілі нашу тэрыторыю. Яшчэ да таго як напасці на нас, у іх былі створаны пэўныя структуры, накіраваныя на знішчэнне людзей. Трэба заўсёды памятаць пра звярыны твар фашызму...»
Прэв’ю БелТА