Top.Mail.Ru

КДК выявіў карупцыйныя схемы у навуковай сферы

У канцы мінулага тыдня кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях развіцця навукі і дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук. Аляксандр Лукашэнка ўказаў на шэраг недахопаў і перакосаў у гэтай сферы. У прыватнасці, ішла размова пра эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў. «У чарговы раз звяртаю вашу ўвагу (магчыма, прагучыць груба): дзяржпраграмы — гэта не кармушка!» — папярэдзіў Прэзідэнт. 

І гэта было, як кажуць, прама ў цэль. Грошы часта не проста накіроўваліся на незапатрабаваныя даследаванні і стварэнне бесперспектыўнай прадукцыі, але і элементарна прысвойваліся. Пра такія выпадкі расказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Васіль ГЕРАСІМАЎ.


Чаму не едзе аўтамабіль?

Ён адзначыў, што падчас кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў у сістэме Нацыянальнай акадэміі навук быў ускрыты шэраг карупцыйных праяў. У прыватнасці, у Аб’яднаным інстытуце машынабудавання НАН Беларусі. Яны звязаны з распрацоўкай электрамабіля.

— Намеснік дырэктара прапанаваў дырэктару схему абагачэння, калі частку грошай, якія выдаткоўваліся на распрацоўку электрамабіля, выплачвалі дзевяці супрацоўнікам. Потым палову забіралі і дзялілі паміж чатырма: дырэктарам, яго намеснікам, галоўным бухгалтарам і эканамістам, пры гэтым ільвіную долю забіраў сабе намеснік дырэктара. Але гэтага аказалася мала: зараблялі на пастаўках абсталявання, у прыватнасці, калі закуплялі электрабатарэю, кошт якой 60 тысяч, сказалі дадаць яшчэ. Калі тэма з электрамабілем сябе вычарпала, прыдумалі новую схему — па распрацоўцы вадародных сілавых установак, і рабілі тое ж самае, — расказаў Васіль Герасімаў, дадаўшы, што выкрыты і іншыя факты, якім цяпер даецца ацэнка. 

Навука «адкатаў»

Выяўлены злоўжыванні і ў іншых установах Акадэміі навук, напрыклад, у НВА «Цэнтр». 

— Дырэктар аднаго з філіялаў плаціў за пратэжыраванне дырэктару, сам у сваю чаргу браў адкаты ад пастаўшчыкоў. Адметна, што раней ён узначальваў іншы філіял і быў асуджаны за хабар, — прывёў прыклад Васіль Герасімаў. 

У Інстытуце біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі была наладжана прыкладна такая ж схема: быццам бы рабілі навуковую распрацоўку, выплачвалі прэміі, частку грошай потым забіралі назад. Але і гэтым «вынаходствы» кіраўніцтва навуковай установы не абмежаваліся.

— Быў заказ, які яны перазаказалі гродзенскаму медуніверсітэту, якому заплацілі 20 тысяч, а сабе забралі — 168 тысяч, — расказаў Васіль Герасімаў. 

Выяўлены шэраг карупцыйных парушэнняў нават у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Фатон», уласнікам якога з’яўляецца Акадэмія навук. Для таго каб ажыццяўляць будаўнічыя работы, будаўнікі павінны былі заплаціць адкаты дырэктару лагера. Усім выяўленым фактам даецца прававая ацэнка. 

Алена КРАВЕЦ.

Чытайце таксама: Прэзідэнт даручыў КДК вывучыць рынак абароту тытунёвых вырабаў і спіртазмяшчальнай прадукцыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю