Пасля досыць халоднай і снежнай зімы беларуская эканоміка вясну сустрэла вельмі бурным ажыўленнем. І калі макраэканамічная статыстыка па выніках квартала не зусім апраўдвае чаканні, то сакавік прадэманстраваў экспанентны рост практычна па ўсіх напрамках, збалансавана выйшаўшы на станоўчую траекторыю.
У першыя два месяцы 2026 года вялікую занепакоенасць выклікаў ВУП, які сышоў у адмоўную зону. Але ў сакавіку ён у значнай ступені адыграў перыяд зімовай замаразкі і ўшчыльную наблізіўся да ста працэнтаў. Ёсць невялікае адхіленне ад нормы, але яно складае ўжо ўсяго 0,4 %, а не 1,2 %, як па выніках студзеня-лютага.
Ключавы агрэгаваны макраэканамічны паказчык зімой цягнула прамысловасць, інвестыцыі і гандаль. У пачатку вясны ўсе гэтыя сферы эканамічнай дзейнасці прадэманстравалі выбуховы рост. Аб’ёмы прамысловай вытворчасці ў сакавіку 2026 года ў параўнанні з лютым гэтага ж года выраслі на 10,7 %, рознічны тавараабарот павялічыўся на 29,9 %, тавараабарот грамадскага харчавання — на 30,8 %, інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся на 36,1 %. Прычым выдаткі на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў дадалі 42,1 %. Апераджальны рост укладанняў у актыўныя сродкі вытворчасці ў параўнанні з будаўніча-мантажнымі работамі — вельмі пазітыўная дынаміка, бо аб’ёмы вытворчасці, новая прадукцыя ў першую чаргу залежаць ад абнаўлення тэхналагічнага парку, а не апорных канструкцый цэхаў. У сакавіку ўдалося наблізіцца ўшчыльную да планавага інвестыцыйнага індыкатару, калі выдаткі на набыццё машын, абсталяванне, транспартных сродкаў складаюць амаль 40 % ад агульнага аб’ёму інвестыцый.

У пазітыўнай зоне знаходзяцца і іншыя макраэканамічныя паказчыкі. У сакавіку ў параўнанні з лютым 2026 года грузаабарот дадаў 13,5 %, перавезена пасажыраў на 12,1 % больш, 18,9 % дадаў аптовы тавараабарот. За гэты ж перыяд на 12,6 % прыраслі аб’ёмы выпуску прадукцыі ў сельскай гаспадарцы. Аб’ёмы вытворчасці жывёлы і птушкі ў жывой вазе сельскагаспадарчыя арганізацыі павялічылі на 10,6 %, малака — на 13,8 %. Яшчэ адзін вельмі пазітыўны фактар: скарачэнне запасаў гатовай прадукцыі. Яны ў сакавіку ў параўнанні з лютым знізіліся амаль на 5 працэнтных пунктаў, да 85,1 % сярэднямесячнай вытворчасці. Пазітыўная дынаміка сведчыць, што наша прамысловасць і ў цэлым эканоміка ў чарговы раз гнутка адрэагавала на знешнія змены і сёння выпускае запатрабаваную прадукцыю, якая сыходзіць у рэалізацыю, а не на склад. Пра што сведчыць і рост экспарту: у студзені-лютым 2026 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га ён вырас на 13 %, а імпарт — толькі на 7,2. Такім чынам, знешні гандаль намацаў баланс: сальда практычна нулявое. Праўда, рэнтабельнасць продажаў па эканоміцы ў студзені-лютым некалькі знізілася — да 6 % (летась была 6,1 %). Але ў прамысловасці яна вырасла да 8,3 % (летась — 7,4 %). Разам з усімі паказчыкамі расла і заработная плата. Рэальная — на 6,4 % за два першыя месяцы 2026-га ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, намінальная — на 12,8 %.

Словам, сакавік парадаваў. У нейкай ступені ажыўленне было прадказальна. Узімку запаволенне адбылося і з-за ўмоў надвор’я, і беспрэцэдэнтна доўгіх выхадных у Расійскай Федэрацыі, якая з’яўляецца ўсё ж такі нашым ключавым знешнегандлёвым партнёрам. І спатрэбіўся некаторы час нашым вытворцам для адаптацыі да запаволення эканомікі ў гэтай краіне і звязанай з ім трансфармацыі структуры плацежаздольнага попыту. І знешняе асяроддзе падкідвала розных нечаканасцяў. І непрыемных, і пазітыўных, як зняцце некаторых санкцый. Фундаментальных змяненняў на рэстрыкцыйных фронце не адбылося, але хаця б сітуацыя выраўноўваецца і ўжо не з’яўляецца такой непрадказальнай. Усе рызыкі, звязаныя з абмежаваннямі, ужо адбыліся, і надыходзіць перыяд стабільнасці. Са сваімі складанасцямі, але якія ўжо зразумелыя, пралічваюцца, ацэньваюцца.
Адбіўся і яшчэ адзін важны фактар: пачынаюць раскручвацца мерапрыемствы, прапісаныя ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады (ПСЭР-2030) у каскадзе іншых дакументаў, якія вызначаюць сацыяльна-эканамічнае развіццё галін і розных сфер эканамічнай дзейнасці на пяцігодку. ПСЭР-2030 была зацверджана Усебеларускім народным сходам у сярэдзіне снежня мінулага года. Натуральна, каб гэтыя планы запусціць у рэалізацыю ў рэальным сектары патрабуецца некаторы час, што цалкам натуральна. І ў сакавіку пайшла работа па прадугледжаным плане, з пачаткам рэалізацыі прадугледжаных праектаў, з адкрыццём крыніц фінансавання. І калі ў цэлым першы квартал па макраэканамічных індыкатарах быў не самым ударным, то канец перыяду дэманструе выхад на запланаваную траекторыю развіцця. Уласна кажучы, пайшоў рух па дарожнай карце ПСЭР-2030. Шлях, магчыма, будзе не прамым, з тактычнымі звілінамі, але агульны вектар руху да вызначаных мэт пачынае выразна праглядацца.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ