Гэту тэрыторыю ў Бярозе, абнесеную калючым дротам і ровам з вадой ды высокай агароджай, мясцовыя жыхары імкнуліся абыходзіць як мага больш далёка — ледзь што, вартавыя на вышцы гатовыя былі страляць: каб ні ў кога не ўзнікла нават спакусы на спачуванне вязням канцлагера, арганізаванага на тэрыторыі Заходняй Беларусі польскімі ўладамі. «Бяроза-Картузская» — гэта месца, дзе чалавечая годнасць вынішчалася з аптэкарскай дакладнасцю, а сістэма здзекаў была даведзена да абсалюту. Тут знішчалі людзей маральна.
Адчуць боль і маштаб трагедыі
Сотні гектараў зямлі насычаныя слязамі і крывёй тысяч беларусаў, украінцаў, яўрэяў ды і саміх палякаў. А сёння — насуперак таму болю і прыніжэнню, каб іх вынішчыць назаўжды, — тут культурны цэнтр, спартыўная зона для моладзі якраз на месцы колішняй «плошчы муштры», а ў двух кроках у сценах аднаго з карпусоў Чырвоных казарм, дзе калісьці трымалі зняволеных, створана экспазіцыя «Канцлагер Бяроза-Картузская 1934–1939 гг.».
— Трэба адзначыць, што гэта тэма ніколі не замоўчвалася, і ў Бярозаўскім гісторыка-рэвалюцыйным музеі яшчэ за савецкім часам была адлюстравана гісторыя канцлагера: каля вытокаў стварэння экспазіцыі стаялі былыя вязні на чале з Ісаакам Ліпшыцам. Яны дапамагалі наладзіць сувязь з тымі, хто прайшоў цераз канцлагер, дзяліліся сваімі ўспамінамі, дасылалі гэтыя дакументы ў музей, пра што з 1965 года яго супрацоўнікі заўсёды гавораць падчас экскурсій. Дзякуючы былым вязням у нас даволі вялікі архіў і добрая калекцыя, якая і стала асновай для стварэння новай экспазіцыі ў адным з карпусоў былога канцлагера — спачатку часовай, а ў 2022 годзе да Дня народнага адзінства адкрылася пастаянная, — тлумачыць Ганна Цюшкевіч, дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. — Дзякуючы новай музейнай прасторы ў Чырвоных казармах у нас з’явілася магчымасць паказаць больш інфармацыі, выставіць больш дакументаў, напоўніць яе сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, што даюць магчымасць адчуць боль і маштаб трагедыі, якую перажыў наш народ.
Сюды адпраўлялі без суда і следства
У адной з залаў — падрабязны макет лагера з усімі пабудовамі, пляцоўкамі, вартавымі вышкамі, зроблена рэканструкцыя камер (аўтар мастацкай канцэпцыі экспазіцыі — Юрый Сухаў). Але найбольш прыцягваюць фотаздымкі рэальных людзей, якія тут калісьці апынуліся і ўжо не выйшлі на волю. І гэта пры тым, што лагер не ставіў задачу фізічнага знішчэння, як пазнейшыя нацысцкія фабрыкі смерці, але ён быў іх папярэднікам і жудасным прыкладам, як зламаць чалавечую душу і волю праз фізічнае знясіленне і пакаранне. Гэта не ўсім было дадзена вытрываць...
— Мэта гэтага лагера — адбіць усялякае жаданне супраціўляцца, знішчыць чалавека маральна, ператварыць асобу ў паслухмяную, запалоханую істоту, — адзначае Галіна Краўчук, старшы навуковы супрацоўнік музея.
Сюды адпраўлялі без суда і следства — паводле адміністрацыйнага рашэння. За краты траплялі тыя, каго лічылі «небяспечнымі для дзяржавы»: беларускія нацыянальныя дзеячы, камуністы, сацыялісты, праваслаўныя вернікі — пад пагрозай быў кожны, хто асмельваўся думаць і гаварыць не так, як загадваў рэжым санацыі.
Катаванні пачыналіся адразу: вязняў сустракалі бізунамі і дубінкамі, прымушалі бегчы па калідорах, залітых вадой. Кожны дзень ператвараўся ў бясконцы ланцуг здзекаў. У лагеры панавала абсалютная забарона на размовы: маўчанне было адным з галоўных інструментаў псіхалагічнага ціску. Чалавек заставаўся сам-насам са сваім болем, акружаны сотнямі такіх жа пакутнікаў, але пазбаўлены магчымасці пачуць хоць адно слова падтрымкі. Смурод, няхватка ежы, вошы, пастаянны страх і поўная невядомасць...
У камеры магло быць 140 чалавек
Лагерную атмасферу адчуваеш, калі сам спускаешся да камеры, дзе стаяць у рэальную велічыню васковыя скульптуры вязняў, і калі робіш пару крокаў па прыступцы ўніз — да карцэра, дзе праступае фігура чалавека, якому не дазвалялася ні сесці, ні легчы, — тут толькі бетонная падлога, якую час ад часу яшчэ палівалі вадой. Сем дзён без святла, ежы і фактычна без сну — кожныя дзве гадзіны вязень павінен быў адгукацца на пераклічцы...
Паводле слоў беларускіх гісторыкаў, праз канцлагер прайшлі ад 8 да 10 тысяч чалавек. Да пэўнага моманту іх было каля 3 тысяч чалавек. А ў жніўні 1939-га адзначалася масавае паступленне вязняў. Калі дагэтуль у асноўным тут утрымліваліся палітычныя (камуністы і актывісты руху за ўз’яднанне нацыі), то калі да граніц Польшчы падышла вайна, улады разгарнулі масавую кампанію ізаляцыі ўсіх патэнцыйна «ненадзейных» асоб.

— Колькасць вязняў настолькі павялічылася, што камер стала не хапаць, і пад іх аддалі частку корпуса, дзе размяшчаліся паліцыянты. Калі ў камеры звычайна змяшчалася ад 20 да 40 чалавек, то цяпер, паводле ўспамінаў, іх магло быць і 140, — расказвае Галіна Краўчук. — У перыяд жніўня—
верасня 1939 года ў канцлагеры знаходзілася больш за 6000 чалавек адначасова. Прыганялі людзей ледзь не сем’ямі, прычым першапачаткова лагер быў разлічаны на ўтрыманне мужчын. Аднак тут былі і зняволеныя жанчыны. Ва ўспамінах Веры Іскрык, якая была членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, гаворыцца пра 90 жанчын-зняволеных у той час, калі сюды патрапіла яна. Адпаведна, да іх былі прыстаўлены жанчыны-назіральніцы. У склад супрацоўнікаў канцлагера не траплялі выпадковыя людзі...
Трэба было бегчы пад ударамі дубінак і не падаць
У паліцыянты лагера бралі тых, хто вылучаўся асаблівай жорсткасцю і фанатычнай адданасцю ўладам. Каменданты Балеслаў Грэфнер і пасля Юзаф Камаля-Курганскі асабіста заахвочвалі служкаў да катаванняў.
Яны называлі лагер «самым спартыўным у Еўропе»: так званая «гімнастыка» складалася са шматгадзінных прысяданняў і бегу да поўнай страты прытомнасці пад ударамі наглядчыкаў. Была паліцэйская дарожка, па якой трэба было бегчы пад ударамі дубінак і не падаць, бо тады ўдараў было яшчэ больш...
Адным з пакаранняў была «крывавая дарожка». Тых, хто, на думку начальства, у чым-небудзь правініўся, прымушалі на каленках і локцях паўзці па вострым жвіры, які ўразаўся ў цела да костак, а наперадзе чакаў паліцэйскі з дубінкай. Пад’ём а 4-й раніцы, на дзень складалі два спісы: адных накіроўвалі на працу, другіх — заганялі на муштру, падчас якой людзям трэба было бегаць, поўзаць, хадзіць па-качынаму да поўнай знямогі...
І гэта — толькі размінка. Была яшчэ і прымусовая цяжкая праца. У канцлагеры наладзілі выраб шасціграннай брукаванкі — «трылінкі». Апроч эканамічнай выгады гэта быў яшчэ і сродак маральнага і фізічнага знясілення. Тэхналогія вытворчасці ў лагеры была ператворана ў сапраўдны канвеер пакут. Спачатку вязні ўручную калолі буйныя валуны на дробныя кавалкі базальту або граніту. Гэта рабілася пры дапамозе цяжкіх молатаў, але ад аскепкаў камянёў часта цярпелі вочы і рукі. На спецыяльнай пляцоўцы ставіліся металічныя або драўляныя шасцігранныя формы. Вязні павінны былі шчыльна ўручную выкладаць колаты камень плоскім бокам уніз. Свабодную прастору паміж камянямі і форму даверху залівалі густым растворам цэменту і рачнога пяску. Гэты працэс патрабаваў хуткасці, каб раствор не пачаў застываць. Нават калі тэхналагічна патрэбы ў спешцы не было, паліцыянты прымушалі вязняў насіць цяжкія формы з цэментам, гатовую плітку або камяні бягом. Пры гэтым людзей пастаянна збівалі і зневажалі. У зале стаіць васковая фігура наглядчыка з ружжом, унізе — форма самой «трылінкі».
Сімвал пакут і стойкасці
Менавіта з яе («трылінкі») выбрукавана дарожка каля адноўленага мемарыяльнага знака каля музейнага комплексу, які карыстаецца ўвагай моладзі, турыстаў, у тым ліку замежных. Для многіх з іх гэта старонка гісторыі становіцца адкрыццём. Для нас — не толькі напамін пра трагедыю, што перажыла беларуская зямля, але і сімвал памяці пра яе мужных людзей, якія ведалі, што іх можа чакаць, але рабілі сваю справу. Сёння музейная экспазіцыя пра канцлагер Бяроза-Картузская — гэта помнік чалавечай жорсткасці, але адначасова — і чалавечай стойкасці і рашучасці. Бо нават у гэтым пекле тысячы людзей змаглі захаваць свой гонар, сваю веру і жаданне быць не проста асобным народам, а нацыяй, што вартая сваёй дзяржаўнасці.
Ларыса ЦІМОШЫК