Top.Mail.Ru

У Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь дадзены старт Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!»

Напярэдадні Дня Канстытуцыі 25 юным беларусам з усіх рэгіёнаў краіны ўручылі іх першыя пашпарты. Важны момант у жыцці кожнага маладога чалавека, які дазваляе глыбей усвядоміць сваю адказнасць перад грамадствам і дзяржавай, падзялілі з хлопцамі і дзяўчатамі карэспандэнты газеты «Звязда».

Матывацыя імкнуцца да поспеху і развівацца

Патрыятычная акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!», ініцыіраваная БРСМ яшчэ ў 2004 годзе, за больш чым два дзесяцігоддзі ператварылася ў адну з самых значных маладзёжных традыцый краіны. Напярэдадні і непасрэдна ў Дзень Канстытуцыі ўрачыстыя цырымоніі ўручэння галоўнага дакумента — пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — арганізаваны для самых актыўных падлеткаў, якія дасягнулі чатырнаццацігадовага ўзросту. У гэтым годзе падобныя мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з 9 па 15 сакавіка. Усяго ў рамках акцыі запланавана каля 160 мерапрыемстваў, якімі будзе ахоплена больш за 3000 маладых людзей. 

Выбар пляцоўкі для правядзення першага мерапрыемства падкрэслівае асаблівую ролю Канстытуцыйнага Суда ў ахове асноўных правоў і свабод грамадзян, абароне асноў канстытуцыйнага ладу. Старшыня Канстытуцыйнага суда Сяргей Сівец адзначыў, што на ўручэнне па традыцыі запрошаны маладыя людзі, якія, нягледзячы на свой юны ўзрост, ужо сёння маюць значныя дасягненні ў вучобе, культуры, спорце, творчасці, грамадскім жыцці. 


Гэта юнакі і дзяўчаты, якія маюць дакладную грамадзянскую пазіцыю, а іх прыклад матывуе і іншых імкнуцца да поспеху, развівацца і станавіцца паўнапраўнымі членамі нашага грамадства. І таму вельмі сімвалічна тое, што ўручэнне праходзіць напярэдадні Дня Канстытуцыі: «Бо пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — гэта не проста дакумент, які сведчыць асобу і дае падставу здзяйсняць грамадзянска-прававыя дзеянні, рэалізоўваць правы, выконваць абавязкі. Гэта адначасова і пашпарт, які апасродкуе палітыка-прававую і духоўна-ментальную сувязь з нашай найбагацейшай культурна-гістарычнай спадчынай, спадчынай беларускай нацыі. З тымі выдатнымі людзьмі, беларусамі, якія ўнеслі істотны ўклад у фарміраванне нашай нацыянальнай самаідэнтычнасці, ва ўстанаўленне дзяржаўнасці на беларускай зямлі», — падкрэсліў Сяргей Сівец.

Гонар і адказнасць 

Як адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Уладзімір Паўлоўскі, на бліжэйшыя пяць гадоў ужо вызначаны дакладныя прыярытэты развіцця нашай дзяржавы. І ў рэалізацыі кожнага з іх непасрэдны ўдзел прымаюць моладзь, важную ролю адыгрываюць маладзёжныя ініцыятывы, праца і ідэі: «І таму на сённяшні дзень наколькі актыўныя, крэатыўныя маладыя людзі, наколькі яны гатовы ўдзельнічаць, ад гэтага залежыць у тым ліку і дасягненне пастаўленых мэт, — падкрэсліў Уладзімір Паўлоўскі. — У нас у краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб і годна працаваць, і спакойна развівацца ў грамадскім жыцці». 

Увогуле быць грамадзянінам суверэннай Беларусі — гэта не толькі высокі гонар, але і вялікая адказнасць перад грамадствам, дзяржавай і самім сабой. Быць грамадзянінам — значыць любіць сваю родную зямлю, паважаць яе гісторыю і шанаваць памяць папярэдніх пакаленняў. І каму, як не маладому пакаленню, захоўваць і прымнажаць традыцыйныя каштоўнасці і духоўна-маральныя арыенціры свайго народа. 


Ад імя юных грамадзян, якія атрымалі пашпарты, звярнулася Ульяна Кулеш, вучаніца восьмага класа Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна. Яе словы сталі ўвасабленнем падзякі і ўсведамлення новага статусу — статусу паўнапраўнага грамадзяніна: «Мне выпаў гонар стаць часткай такога знамянальнага мерапрыемства, атрымаць тут свой першы пашпарт, — падзялілася Ульяна. — Цяпер мы паўнапраўныя грамадзяне з роўнымі правамі і абавязкамі. Я ганаруся тым, што нарадзілася і вырасла ў нашай краіне». 

Атмасферу свята дапоўнілі памятныя падарункі: кожны школьнік стаў уладальнікам спецыяльна аформленага брэндзіраванага бокса з Канстытуцыяй і Дзяржаўным флагам, а таксама ўнікальнай настольнай драўлянай карты краіны, сабранай з элементаў, якія паўтараюць абрысы тэрытарыяльных адзінак Беларусі.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю