Створаныя на акупаванай тэрыторыі, ва ўмовах рэгулярнай змены дыслакацыі і пастаяннай баявой гатоўнасці, гэтыя работы з’яўляюцца сведчаннем беспрэцэдэнтнай гераічнай барацьбы, выключнай мужнасці і стойкасці беларускага народа.
Захаваць для нашчадкаў
На фотаздымку, змешчаным у адной з экспазіцыйных вітрын, — два мастакі, два партызаны, два сябры, два Мікалаі — Абрыньба і Гуціеў. Абодва ваявалі ў партызанскай брыгадзе «Дубава» на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Трапілі да народных мсціўцаў у 1942 годзе пасля ўцёкаў з фашысцкага палону.
Сябры-мастакі былі задзейнічаны ў дыверсіях па знішчэнні камунікацый праціўніка, займаліся і агітацыйнай дзейнасцю. «У брыгадзе выкарыстоўваўся цікавы метад распаўсюджвання лістовак, — удакладняе навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганна ЛУКАШЭВІЧ. — На тэрыторыю размяшчэння нямецкага гарнізона накіроўвалі паветранага змея, з дапамогай якога скідваліся лістоўкі. І ў гітлераўцаў, і ў мясцовых жыхароў складвалася ўражанне, што ў партызан ёсць самалёт».
У перапынках паміж баявымі аперацыямі і распаўсюджваннем агітацыйна-прапагандысцкіх матэрыялаў, нярэдка ахвяруючы сном і адпачынкам, Мікалай Абрыньба і Мікалай Гуціеў займаліся творчасцю. Заўважыўшы здольнасці мастакоў, камісар брыгады Уладзімір Лабанок стаў даваць ім заданні — адлюстраваць дыверсіі, подзвігі партызан. Героямі карцін станавіліся народныя мсціўцы, якія вызначыліся падчас баявых аперацый.
Мастакі пісалі як вялікія сюжэтныя палотны, так і невялікія замалёўкі, стваралі ілюстрацыі для лістовак. Напрыклад, у замалёўцы Мікалая Абрыньбы «Бой на рацэ Дрыса», якая прадстаўлена ў экспазіцыі, адлюстраваны падрыў партызанамі 110-метровага чыгуначнага моста, што на 16 сутак пазбавіла праціўніка камунікацыі. У гэтай дыверсіі народных мсціўцаў, дарэчы, браў удзел і Пётр Машэраў.
У брыгадзе «Дубава» была створана першая і адзіная партызанская мастацкая галерэя, якая праіснавала з кастрычніка 1942 года да мая 1943 года. Затым яна насіла характар перасоўнай экспазіцыі: работы народныя мсціўцы забіралі з сабой, калі мянялі месца дыслакацыі. Каб захаваць для нашчадкаў, пры магчымасці дастаўлялі карціны на Вялікую зямлю.
«Дагэтуль такога жаху не бачылі»
У зале № 7 Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якая прысвечана партызанскай барацьбе і антыфашысцкай падпольнай дзейнасці, увагу прыцягваюць два вялікія палотны, аўтарам якіх з’яўляецца Мікалай Абрыньба. Абедзве карціны напісаны ў
1943 годзе ў партызанскім штабе. Гледзячы на высокі мастацкі ўзровень выкананых работ і іх маштабы (адна з іх, напрыклад, памерам 120 на 90 см), здзіўляешся: адкуль ва ўмовах акупацыі ў партызан былі неабходныя для жывапісу прылады?
«Аднойчы падчас аблавы на фашысцкі гарнізон партызаны захапілі генеральскі штаб, — расказвае Ганна Лукашэвіч. — Мікалай Гуціеў зняў з падлогі лінолеум, з якога потым выраблялі лістоўкі. Мікалай Абрыньба знайшоў у немцаў фарбы, пэндзлі — менавіта такія трафеі цікавілі мастакоў».
Адным з герояў карціны «Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Ф. Ф. Дуброўскі» з’яўляецца камандзір партызанскай брыгады «Дубава». Работа была напісана пасля паспяховай аперацыі «дубаўцаў», як называлі партызан гэтага злучэння. З максімальнай рэалістычнасцю аўтарам паказана дыверсія па захопе нямецкага эшалона, у якой, акрамя партызан, удзельнічалі і мясцовыя жыхары. Апошнія, узгадніўшы свае дзеянні з народнымі мсціўцамі, прынеслі да эшалона салому. Сумеснымі намаганнямі, быў знішчаны нямецкі састаў з варожай тэхнікай.
Супрацьлеглая па настроі карціна — «Бой за Пышна» (другая яе назва — «Партызаны ў засадзе»). Мікалай Абрыньба адлюстраваў фрагмент абароны вёскі Пышна, якая доўжылася з 19 мая да 9 чэрвеня 1943 года.
«Сілы праціўніка ў гэтым баі пераўзыходзілі ў дзесяць разоў, — звяртае ўвагу навуковы супрацоўнік Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. — Супраць партызан былі накіраваны чатыры нямецкія дывізіі, удар з боку нямецкай арміі наносіўся і танкамі, і артылерыяй. Гэта былі вельмі жорсткія баі».
Праз два тыдні пасля заканчэння абароны Пышна Мікалай Абрыньба атрымаў задачу — вярнуцца на месца трагедыі і адлюстраваць тыя падзеі з мэтай увекавечвання памяці герояў. Калі мастак прыйшоў у вёску, целы таварышаў былі на месцы...
Героі палатна Мікалая Абрыньбы — рэальныя людзі. Яны знаходзіліся ў засадзе і прыкрывалі сваіх байцоў, што адступалі. Усе пяцёра партызан (Васіль Буйніцкі, Надзея Касцючэнка, Ніна Флігоўская, Аляксей Каробіцкі і Сямён Клопаў), адлюстраваныя на карціне, загінулі.
Успаміны мастака-партызана на гэту тэму захоўваюцца ў музейных фондах. «Мікалай Іпалітавіч пісаў, што жонка Васіля Буйніцкага, калі вярнулася на месца трагедыі, цалавала загінуламу мужу рукі, галаву, — расказвае Ганна Лукашэвіч. — Ніна магла пазбегнуць трагічнага лёсу. Перавязаўшы раны свайму каханаму Аляксею, яна сышла з партызанамі, але пазней вырашыла вярнуцца: дзяўчына палічыла, што лепш памерці са сваім каханым, чым застацца без яго. Надзея і Сямён былі парай. Зразумеўшы, што адступаць ужо няма куды, паклалі паміж сабой гранату... У сваіх успамінах Мікалай Абрыньба пісаў, што байцы, якім пашчасціла выжыць у баі за Пышна, дагэтуль такога жаху не бачылі».
Складана паверыць, але карціна, якая ў выдатным стане захавалася да нашага часу, ніколі не рэстаўрыравалася. Напісаная ў жніўні 1943 года, яна праляжала ў зямлі да вызвалення Беларусі. У 1946 годзе Мікалай Абрыньба асабіста перадаў абедзве карціны ў музей.
У іх — увесь боль, які беларускі народ перажыў у гады ліхалецця, радасць ад перамог — малых і вялікіх.
Вераніка КАНЮТА.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.