Праграма пачалася з шырокай экскурсіі па каледжы. Будучыя вартавыя парадку пераканаліся: тут створаны ўсе ўмовы для прафесійнага станаўлення і фізічнай загартоўкі тых, хто выбраў служэнне Радзіме.
Перад стартам ад імя міністра ўнутраных спраў удзельнікаў вітаў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы МУС Антон Санкевіч. Ён падкрэсліў, што сіла закона — у адзінстве ўсіх пакаленняў. «Правядзеннем патрыятычнага марш-кідка мы ўшаноўваем міліцыянераў, якія баранілі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — звярнуў увагу Антон Санкевіч. — З вялікай павагай успамінаем байцоў батальёна міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава, абаронцаў Брэсцкага вакзала, подзвіг многіх іншых нашых таварышаў».
На дыстанцыі ліцэісты, выхаванцы ВПК, іх старэйшыя таварышы праявілі вынослівасць і сапраўдны камандны дух. Гатоўнасць прадстаўнікоў розных пакаленняў ісці плячо ў плячо дарагога вартая. Пасля праходжання дыстанцыі юных удзельнікаў, супрацоўнікі ідэалагічных падраздзяленняў працягнулі марш-кідок, пераадольваючы паласу перашкод. Маршрут патрабаваў спрыту, хуткасці і зладжанасці дзеянняў. Выяўленыя афіцэрамі сіла і вынослівасць сталі пераканаўчым прыкладам для маладога пакалення.
Але і на гэтым выпрабаванні не скончыліся! Фінішыраваўшы, супрацоўнікі накіраваліся на практычны занятак па агнявой падрыхтоўцы. Пад кіраўніцтвам вопытных інструктараў яны прадэманстравалі высокі ўзровень валодання зброяй.
У рамках патрыятычнага марш-кідка падрыхтавалі насычаную праграму для юных удзельнікаў. Усе ахвотныя пасля пераадолення складанай дыстанцыі маглі папоўніць сілы духмянай салдацкай кашай і гарачым чаем.
Арганізатары падкрэслілі, што галоўнай мэтай мерапрыемства стала аб’яднанне розных пакаленняў вакол агульных каштоўнасцяў: памяці пра гераічнае мінулае, павагу да закону і любоў да Радзімы. Менавіта такія прыклады, дзе ветэраны, супрацоўнікі і моладзь ідуць плячо ў плячо, пацвярджаюць сілу нашай дзяржавы.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС