Top.Mail.Ru

У IV квартале 2025 года прадоўжылася запаволенне прыросту спажывецкіх цэн

У прыватнасці, прырост спажывецкіх цэн у гадавым выражэнні ў снежні 2025-га склаў 6,8 % супраць 7,1 % у верасні. Гэтаму спрыяла памяншэнне вонкавага коштавага ціску (зніжэнне інфляцыі ў Расіі і цэн на сусветных рынках), а таксама сітуацыя на ўнутраным спажывецкім рынку (перш за ўсё на рынку плодаагародніннай прадукцыі), вынікае з інфармацыі аб дынаміцы і фактарах змены спажывецкіх цэн і тарыфаў, апублікаваных Нацбанкам.



Добры ўраджай айчыннай агародніны і ўмераны рост цэн вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама спрыяльная кан’юнктура сусветнага рынку ў частцы імпартных паставак плодаагародніннай прадукцыі абумовілі запаволенне сезонных цэн да нізкага ўзроўню — 1,3 % у снежні 2025-га супраць 7,6 % у верасні, адзначаецца ў дакуменце.

Аналітыкі банка звяртаюць увагу на зніжэнне інфляцыі ў Расіі і патанненне асобных прадуктаў харчавання на сусветных рынках, якія абмяжоўвалі ўздзеянне імпартуемай інфляцыі на цэны ў нашай краіне. Нароўні з менш актыўным спажывецкім попытам на ўнутраным рынку гэта спрыяла запаволенню базавай інфляцыі.

Таксама ў дакуменце адзначаецца, што манетарная палітыка Нацбанка захоўвала накіраванасць на забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці. Так, на ўнутраным валютным рынку ў ІV квартале 2025-га склалася чыстая прапанова замежнай валюты ў памеры 0,5 мільярда долараў. Гэта спрыяла ўстойлівасці беларускага рубля. У сярэднім за ІV квартал 2025-га намінальны эфектыўны абменны курс вырас у параўнанні з ІІІ кварталам на 0,1 %.

Таксама Нацыянальным банкам забяспечваўся кантроль за грашовай прапановай:

— Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў ІV квартале 2025-га ў гадавым вылічэнні запаволіўся да 15,7 % з 17 % у верасні.

Аўтары дакумента канстатуюць устойлівы трэнд на дэвалютызацыю эканомікі.

— Доля рублёвага складніка ў сярэдняй шырокай грашовай масе павялічылася з 63,5 % у верасні да 65,1 % у снежні 2025 года. Прывабныя ўмовы па ўкладах, у першую чаргу доўгатэрміновых, працягнулі стымуляваць ашчадную актыўнасць насельніцтва і забяспечылі ўстойлівы прыток дэпазітаў у банкаўскі сектар, — адзначаецца ў апублікаванай інфармацыі.

Тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва ў снежні мінулага года ў гадавым вылічэнні выраслі на 38,8 % (у верасні 2025-га — на 38,1 %). Захавалася коштавая даступнасць крэдытных рэсурсаў для рэальнага сектара эканомікі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю