Як паведаміла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінскага гарвыканкама Ірына Гонтарава падчас 13-й чарговай сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў 26 верасня, Праграма павялічваецца за кошт даходаў у бюджэт горада, якія дадаткова паступілі і накіроўваюцца: на аплату работ па будаўніцтве сетак водазабеспячэння, водаадвядзення і інжынерных збудаванняў эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу «Паўночны Бераг», вулічна-дарожнай сеткі горада.
Акрамя таго, на аплату работ па зносе і аплату пастаўкі абсталявання па аб’екце «Жылая шматкватэрная забудова ў межах пр. Незалежнасці — вул. Валгаградскай — вул. Кедышкі ў г. Мінску»; аплату работ па рэканструкцыі будынка пад наркалагічны цэнтр на вул. Карвата.
Таксама за кошт пераразмеркавання грашовых сродкаў у рамках праграмы бюджэтныя асігнаванні накіроўваюцца для аплаты работ па ўзвядзенні шматфункцыянальнага комплексу ў раёне вул. Арлоўскай; узвядзенні клінічнага інфекцыйнага стацыянара ў раёне Даўгінаўскага тракта; будаўніцтве падземнага пешаходнага пераходу ў межах пр. Пераможцаў — вул. Арлоўскай; рэканструкцыі аўтавакзала «Усходні» пад Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі; працягу будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў межах вул. Янкоўскага, М. Гарэцкага; узвядзенні інтэрната кватэрнага тыпу на вул. Алібегава.
Грашовыя сродкі таксама накіроўваюцца для канчатковага разліку за выкананыя работы па рэканструкцыі смеццеперапрацоўчага сартавальнага завода.
Яна ВАЛАСАЧ