У выніку абрушэння смеццевага палігона Бантарагебанг на ўскраіне Джакарты загінулі прынамсі сем чалавек, перадае БелТА.
Сход велізарнай масы смецця адбыўся ў нядзелю на найбуйнейшым у краіне палігоне Бантарагебанг пасля моцных дажджоў.
Як расказала кіраўнік мясцовага выратавальнага агенцтва Дэсіяна Картыка Бахары, ратавальнікі выявілі апошнюю з сямі ахвяр, пасля чаго пошукавая аперацыя была завершана. «Мы атрымалі інфармацыю ад паліцыі, што двое з тых, хто лічыўся зніклымі, знаходзяцца ў бяспецы і вярнуліся дадому», — заявіла яна.
Сярод загінулых — кіроўцы грузавых аўтамабіляў і ўладальнікі невялікіх прадуктовых крам, якія працавалі на тэрыторыі палігона.
Як адзначае Reuters, у пошукавай аперацыі ўдзельнічалі больш за 200 ратавальнікаў, якія выкарыстоўвалі экскаватары і цеплавізійныя дроны для выяўлення людзей пад заваламі.