«У імя захавання гістарычнай памяці».
Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа хацелася б закрануць праблему захавання гістарычнай памяці, расказаць аб тым, як удаецца яе вырашаць нашым неабыякавым і патрыятычна настроеным грамадзянам. У пасёлку Мухавец Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці знаходзіцца унікальны музей пад адкрытым небам пад назвай «Алея Памяці», аналагаў якому не існуе на прасторах усяго СНД.
Заснавальнікам музея з’яўляецца генеральны дырэктар ТАА «Лагуна» Ільніцкая Наталля Емяльянаўна. У стварэнні музея аказалі дапамогу: кампанія «Лагуна», Канопка Мар’ян (Польшча), Венцэль Іван Баляслававіч, Пракаповіч Ірына Віктараўна, Жаўнерчык Людміла Мікалаеўна, 38-ая асобная Гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада, Шатлікава Тамара Анатольеўна.
Падтрымалі стварэнне дадзенага музея пад адкрытым небам: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь, Брэсцкія абласны, гарадскі і раённы выканаўчыя камітэты, Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Генеральнае Консульства Расійскай Федэрацыі ў горадзе Брэсце, Савет ветэранаў ГА «Белая Русь», Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Брэсцкая абласная арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру», Інстытут нацыянальнай памяці Рэспублікі Польшча, адміністрацыя ваяводстваў Рэспублікі Польшча, грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

У дадзеным музеі знаходзіцца 20 помнікаў, якія былі ўстаноўлены ўдзячнымі жыхарамі Рэспублікі Польшча ў памяць аб савецкіх воінах, якія змагаліся бок аб бок з польскай Арміяй Краёвай і цаной свайго жыцця вызвалілі іх краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Усе помнікі былі падвергнутыя разбурэнню польскімі ўладамі ў сувязі з законам аб дэкамунізацыі, прынятым у Польшчы ў 2016 годзе, з мэтай знішчэння гістарычнай памяці, бо дадзеныя помнікі (а іх было больш за 560 на тэрыторыі ўсёй краіны перад прыняццем гэтага закона), размешчаныя па-за месцамі воінскіх пахаванняў, услаўляюць подзвіг савецкага народа падчас Другой Сусветнай вайны, у той час як стваральнікі музея аднавілі гэтыя помнікі.
Калі першапачаткова помнікі зносіліся ў Польшчы пад покрывам ночы, то пазней польскія ўлады сталі запрашаць СМІ, каб надаць публічную агалоску сваім дзеянням. Даведаўшыся пра гэта, Ільніцкая Наталля Емяльянаўна прыняла рашэнне аб вывазе знесеных савецкіх помнікаў у Рэспубліку Беларусь.
Музей існуе ўжо шосты год. За час яго існавання яго наведала больш за 10000 наведвальнікаў з 50 краін свету з экскурсаводам, а дзясяткі тысяч чалавек наведалі гэты музей самастойна. Варта адзначыць той важны факт, што ў турыстычных каталогах пасля МК «Брэсцкая крэпасць-герой» дадзены музей займае другое месца па Брэсцкай вобласці.
Таксама турбуе той факт, што гэтыя помнікі былі разбураныя да фрагментаў. Ільніцкая Наталля Емяльянаўна атрымала ў польскіх уладаў дазвол на іх вываз з тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Манументы, якія раней у Польшчы, пачынаючы з 40-х гг. XX стагоддзя былі ўстаноўлены на народныя грошы, некалькі гадоў таму былі перавезены на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, адрамантаваны і рэстаўраваны. І сёння ў музеі «Алея Памяці» ў пасёлку Мухавец можна ўбачыць 20 помнікаў і 30 экспанатаў у першародным выглядзе.

Наведвальнікаў музея сустракае камень з надпісам «Дзякуй за Перамогу», які быў раней знойдзены на тэрыторыі пасёлка Мухавец і апрацаваны мастакамі.
Самым галоўным помнікам музея з’яўляецца помнік, які змяшчае статуі двух савецкіх салдат, які раней быў размешчаны ў горадзе Лінзбарку-Варміньскім ў Польшчы, на якім ёсць наступны надпіс: «У падзяку воінам Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях за вызваленне польскага народа ад нямецкіх акупантаў». Каля гэтага помніка адбываецца пасвячэнне ў кадэты навучэнцаў школ, у тым ліку ў самім пасёлку Мухавец.
Ёсць на «Алеі Памяці» і помнік безназоўнаму салдату, які ў адной руцэ трымае маленькую дзяўчынку, а ў другой — меч.
Таксама можна адзначыць і помнік савецкаму войску вызваліцелю, які раней быў размешчаны каля горада Кашалін у Польшчы. На пастаменце размешчана статуя савецкага воіна побач з дзяўчынкай з голубам, якая ўвасабляе сабой Польшчу, якая не жадае знаходзіцца пад ўладай нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Трэба адзначыць, што калі быў прыняты вышэназваны закон аб дэкамунізацыі, Расійская Федэрацыя раней за нашу краіну таксама хацела атрымаць дазвол на вываз помнікаў, прысвечаным савецкім воінам, з тэрыторыі Рэспублікі Польшча, аднак яна атрымала адмову.

У час летніх канікул выхаванцы летніх аздараўленчых лагараў, у тым ліку з ДУА «Сярэдняя школа п. Мухавец», актыўна наведваюць разам са сваімі педагогамі дадзены музей.
Як маці і педагог раю наведаць гэты музей са сваімі дзецьмі, унукамі, навучэнцамі, выхаванцамі, каб у чарговы раз нагадаць, што без мінулага няма будучыні, і наш абавязак перадаць праўдзівую гістарычную памяць будучым пакаленням.
Святлана СЁМІНА
Фота аўтара